МУС апублікавала пастанову «Аб вызначэньні разьмеркавальных квотаў рэгістрацыі хадайніцтваў пра наданьне статусу ўцекача або дадатковую абарону ў Рэспубліцы Беларусь на 2016 год». Згодна з дакумэнтам, падразьдзяленьне па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкаму ў бягучым годзе павінна прыняць хадайніцтвы аб даваньні дадатковай абароны або статусу ўцекача ад 250 замежнікаў.
Варта адзначыць, што для Віцебскага рэгіёну ўсталяваная найбольшая квота на ўцекачоў. Столькі ж – 250 чалавек – павінна прыняць яшчэ Гомельская вобласьць. Квоты для астатніх абласьцей краіны меншыя – ад 150 да 200 чалавек. Усяго ж чакаецца, што цягам 2016 году ў кампэтэнтныя органы краіны з адпаведнымі хадайніцтвамі зьвернуцца каля 1200 замежных грамадзян.
Як распавёў журналістам месяц таму Аляксей Бягун, начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, да пачатку канфлікту ва Ўкраіне прытулак у Беларусі прасілі толькі каля 160 іншаземцаў на год. Сытуацыя рэзка зьмянілася ў 2014 годзе, калі ў краіну сталі масава прыяжджаць украінскія грамадзяне. Паводле словаў спадара Бягуна, ужо разгледжана больш за 1300 хадайніцтваў пра наданьне статусу ўцекача або дадатковую абарону ад украінцаў, і такія хадайніцтвы працягваюць паступаць.
«У Беларусі дзейнічае прынцып падзелу патокаў мігрантаў, – паведаміў Аляксей Бягун. – Частка украінцаў атрымлівае дазволы на займаньне працоўнай дзейнасьцю. Частка – на часовае пражываньне па іншых падставах альбо дазволы на пастаяннае пражываньне. Яшчэ частка падаюць хадайніцтвы на атрыманьне грамадзянства».
Паводле словаў Аляксея Бягуна, ня ўсе хадайніцтвы грамадзян Украіны задавальняюцца. Так, як правіла, адмаўляюць у атрыманьні статусу ўцекача асобам прызыўнога ўзросту, якія прыехалі ня з зоны АТА, а зь мірных рэгіёнаў Украіны, і прычыну падачы хадайніцтва матывавалі жаданьнем пазьбегнуць мабілізацыі.
Як мяркуюць у МУС, сытуацыя зь мігрантамі ў краіне ў 2016 годзе будзе аналягічная сытуацыі ў мінулым годзе. Паводле апублікаваных зьвестак, у 2015 годзе з хадайніцтвамі аб наданьні статусу ўцекача або аб дадатковай абароне ў органы ўнутраных спраў зьвярнуліся 1227 чалавек, тры чвэрці зь якіх – грамадзяне Ўкраіны.