Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасьці індывідуальнага прадпрымальніка, які прыняў 200 эўра у якасьці авансу за рамонт аўтамабіля. Якасьць паслуг прадпрымальніка не задаволіла кліента, і той зьвярнуўся з заявай у кантрольны орган.
Дзеяньні індывідуальнага прадпрымальніка былі кваліфікаваныя паводле ч.1.2 п.1 Указу Лукашэнкі ад 09.02.2015 г. №49 «Аб забесьпячэньні парадку пры вядзеньні валютных апэрацыяў». Гэты нарматыўны акт узмацняе адказнасьць за незаконнае прыняцьце замежнай валюты ў якасьці плацежнага сродку, а таксама іншае незаконнае выкарыстаньне каштоўных папер і плацежных дакумэнтаў у замежнай валюце, і прадугледжвае штраф сумай ад 50 да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмету адміністрацыйнага правапарушэньня або без канфіскацыі.
Для індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы штраф можа скласьці ад 100 да 200 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмету адміністрацыйнага правапарушэньня або без канфіскацыі. Улічваючы прызнаньне віны, чыстасардэчнае раскаяньне асобы, якая зьдзейсьніла правапарушэньне, а таксама адсутнасьць абцяжарваючых абставін, суд аштрафаваў індывідуальнага прадпрымальніка на 100 базавых велічынь у суме 18 мільёнаў рублёў са спагнаньнем кошту прадмету адміністрацыйнага правапарушэньня сумай 3 мільёны 62 тысячы.
БелТА