У перадпачатку сусьветнай кампаніі «Станем за журналістыку» на знак салідарнасьці з калегамі па ўсім сьвеце прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі Віцебску пасадзілі невялічкую алею, якую ўпрыгожылі папяровымі птушкамі, зробленымі са старых газэтаў.
5 лістапада Міжнародная фэдэрацыя журналістаў штогод ладзіць сусьветную кампанію прафэсійнай салідарнасьці «Станем за журналістыку». Тэму для кампаніі журналісты кожнай краіны абіраюць самі. Сёлета сябры віцебскай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) правялі сваю мясцовую кампанію пад лёзунгам «Станем за вольны байнэт». Гэткім чынам журналісты абазначылі наяўнасьць праблемы са свабодай слова ў беларускім сэгмэнце інтэрнэту і выказалі сваё стаўленьне да спробаў кантролю над Сецівам з боку ўладаў.
У адным са спальных мікрараёнаў Віцебску прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі пасадзілі некалькі бярозак і клёнаў. Атрымалася невялічкая алея. Кожнае высаджанае дрэўца набыло сваю назву: «Дрэва ў гонар 20-годзьдзя БАЖ», «Дрэва салідарнасьці журналістаў», «Дрэва будучыні незалежнай прэсы»... Пасьля таго, як дрэўцы былі пасаджаныя, на кожнае зь іх «прыляцела» свая папяровая птушка. Падалося, што віртуальныя птушкі, выпушчаныя журналістамі летась у гэткі самы дзень з клетак, пранесьліся праз увесь горад і, нарэшце, здолелі даляцець да сваіх дрэваў.
Нагадаем, роўна год таму сямёра віцебскіх журналістаў і грамадзкіх актывістаў у межах леташняй кампаніі «Станем за журналістыку» зладзілі фотасэсію на фоне графіці з выявай папяровых птушак і клетак. Удзельнікі фотасэсіі трымалі ў рукох зробленыя з паперы клеткі і птушак-арыгамі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў расцанілі фотасэсію як несанкцыянаваны пікет. У выніку шасьцёра ўдзельнікаў фотасэсіі былі пакараныя штрафамі ў памеры ад 18-ці да 25-ці базавых велічынь. Яшчэ адзін удзельнік быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту тэрмінам трое сутак.
Віцебская вясна