Пракуратура Віцебскай вобласьці адзначае недастатковую працу мясцовых выканкамаў ў сфэры дзяржаўнага кантролю над выкарыстаньнем і аховай зямель. Пра гэта паведаміла старшы памочнік пракурора вобласьці па наглядзе за выкананьнем прыродаахоўнага заканадаўства Алена Казлова.
Пракурорскія работнікі праверылі выкананьне заканадаўства пры выкарыстаньні зямель, дадзеных для вядзеньня калектыўнага садоўніцтва і сялянскай (фэрмэрскай) гаспадаркі, а таксама прааналізавалі эфектыўнасьць працы мясцовых выканкамаў пры ажыцьцяўленьні дзяржаўнага кантролю над выкарыстаньнем зямельных участкаў, дадзеных для ўказаных мэтаў.
Падчас праверак выяўленыя неадзінкавыя парушэньні, дапушчаныя, у тым ліку, і з прычыны недастатковага кантролю. Органы ўлады не выконваюць у поўнай меры функцыі па дзяржаўным кантролі над выкарыстаньнем і аховай зямель, ўскладзеныя на іх артыкулам 90 Кодэксу аб зямлі, адзначыла старшы памочнік пракурора.
Пашыраныя выпадкі невыкарыстаньня і неналежнага выкарыстаньня зямельных участкаў, разьмешчаных у садаводчых таварыствах. Участкі знаходзяцца ў занядбаным стане, зарастаюць пустазельлем і хмызьнякамі. Нярэдка зямля засьмечаная бытавымі і будаўнічымі адходамі, садовыя домікі, што маюцца на ёй, і іншыя будынкі руйнуюцца. “Гэткія факты выяўленыя ў Чашніцкім, Браслаўскім, Лепельскім, Віцебскім і Гарадоцкім раёнах. Пры гэтым, нягледзячы на незапатрабаванасьць значнай колькасьці зямельных участкаў на тэрыторыі садаводчых таварыстваў, меры па спыненьні правоў на іх выканкамамі не прымаюцца”, – канстатавала Алена Казлова.
Апроч таго, насуперак патрабаваньням заканадаўства ля галоўнага ўезду на тэрыторыю шмат якіх таварыстваў не ўсталяваныя стэнды з назвамі таварыстваў і іх схематычным плянам, што можа ўскладніць аказаньне дапамогі дачнікам, у тым ліку ў выпадку пажару або ўзьнікненьня аварыйнай сытуацыі. Ня ўсюды належным чынам арганізаваная работа з адходамі.
Факты неналежнага выкарыстаньня зямель выяўленыя і падчас абсьледаваньня сялянскіх (фэрмэрскіх) гаспадарак. Так, у Докшыцкім раёне выяўлена, што адна з СФГ не апрацоўвае землі больш як два гады, а гаспадарчую дзейнасьць на ўчастку вядзе мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства безь якога-небудзь дакумэнтальнага афармленьня. Неэфэктыўнае выкарыстаньне зямельных участкаў, зарастаньне іх пустазельлем і забруджваньне адходамі выяўленыя ў сялянскіх (фэрмэрскіх) гаспадарках Полацкага, Шумілінскага, Бешанковіцкага, Гарадоцкага раёнаў.
Па ўсіх выяўленых парушэньнях органы пракуратуры падрыхтавалі 22 акты пракурорскага нагляду, ініцыявалі падрыхтоўку больш як 30 спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
З улікам актуальнасьці гэтай праблемы і пашыранасьці выяўленых парушэньняў, а таксама з мэтай прыняцьця адпаведных арганізацыйных мер па павышэньні якасьці працы службовых асоб выканкамаў ў гэтым накірунку пракуратура вобласьці ўнесла адпаведнае прадстаўленьне ў аблвыканкам.
tut.by