Пасьля доўгага перапынку віцебскія праваабаронцы, палітыкі і грамадзкія актывісты сталі атрымліваць лісты ад кандыдата тэхнічных навук, аднаго з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Пляцформа» Міхаіла Жамчужнага, які асуджаны на 6 гадоў і знаходзіцца ў СІЗА №2.
У цяперашні час Вярхоўны Суд рыхтуецца разгледзець касацыйную скаргу Міхаіла Жамчужнага, у якой ён просіць найвышэйшую судовую інстанцыю краіны прысуд, вынесены ў дачыненьні да яго Віцебскім абласным судом, скасаваць, а вытворчасьць па крымінальнай справе спыніць па ўсіх 12-ці артыкулах абвінавачаньня.
У сваіх чарговых лістах на волю Міхаіл паведамляе зьвесткі пра ўмовы яго зьняволеньня.
Аб кантактах з вонкавым сьветам
Апошнія тры месяцы ліставаньне з праваабаронцамі і грамадзянскімі актывістамі ў яго было аднабаковым: Міхаіл лісты атрымліваў, але ня мог на іх адказаць. Пасьля абвяшчэньня выраку ён накіраваў восем лістоў сваім паплечнікам, у якіх паведамляў пра пакараньне, вынесенае судом. Аднак гэтыя лісты цэнзурай былі канфіскаваныя і да адрасатаў не дайшлі. Толькі пасьля адмысловага рашэньня Віцебскага абласнога суду ад 11 жніўня, які аднавіў яго права на ліставаньне, Міхаіл змог даслаць сваю карэспандэнцыю.
Міхаіл піша, што працягам шасьці месяцаў былі цалкам блякаваныя яго кантакты са сваякамі. І толькі 12 жніўня адбылося першае за ўвесь тэрмін яго знаходжаньня пад арыштам спатканьне са стрыечнай сястрой. Асуджаны праваабаронца сьцьвярджае, што падчас сустрэчы з кузінай яна паведаміла яму пра тое, што з боку дзяржавы быў аказаны ціск практычна на ўсіх яго сваякоў, «уключаючы тых, якія яшчэ падчас фашысцкай акупацыі былі малалетнімі вязьнямі».
Якога кшталту аказваўся ціск і на каго са сваякоў – у лістах не паведамляецца.
Аб пасылках
Міхаіл паведамляе, што ў цяперашні час ні ў чым ня мае нястачы. На працягу ўсяго тэрміну, піша вязень СІЗА №2, калегі з «Пляцформы» вельмі прафэсійна яго забясьпечылі ўсім неабходным – нават уцепленай бялізнай для сядзеньня ў карцэры.
Тым ня менш практычна ўсе рэчавыя перадачы з волі былі блякаваныя, пасылкі вярталі адрасатам. Пасьля ён быў вымушаны адмовіцца ад перадач і пасылак, бо «...мяне абвінавачвалі ў іх фінансаваньні спэцслужбамі з-за мяжы».
Аб псыхалягічным ціску
Паводле сьцьвярджэньня Міхаіла, на яго аказваліся розныя мэтады ціску. Перш за ўсё, гэта шматмесячная інфармацыйная блякада, празь якую ён быў пазбаўлены права сустракацца са сваякамі, права на ліставаньне, атрыманьне перадач і пасылак, а таксама поўная саракадзённая ізаляцыя падчас знаходжаньня ў карцэры.
«Спрабуючы зламаць мяне сукупнасьцю гэтых прыёмаў, – піша Міхаіл, – ад мяне яшчэ па мінулай справе патрабавалі даць заведама фальшывыя паказаньні ў дачыненьні да высокапастаўленых навукоўцаў НАН Беларусі, БДУІР, ВДУ імя Машэрава, БДПА праз пагрозы расправы з маімі блізкімі сваякамі, ажыцьцёўленымі пасьля».
Чым займаецца ў цяперашні момант
У цяперашні час вязень штодня знаёміцца з пратаколам судовых паседжаньняў. Але, насуперак крымінальна-працэсуальнаму закону, час азнаямленьня абмежаваны турэмнымі ўладамі. Найбліжэйшым часам Жамчужны зьбіраецца выслаць пярэчаньне на пратэст дзяржабвінаваўцы, які палічыў, што прысуд, вынесены ў дачыненьні да праваабаронцы, надзвычай «мяккі». Таксама Міхаіл хоча прысутнічаць пры разглядзе яго касацыйнай скаргі ў Вярхоўным Судзе, пра што заявіў уладам.
Аб грамадзкай падтрымцы
У сваіх лістах Міхаіл шчыра дзякуе грамадзянам, праваабарончым арганізацыям, асобным праваабаронцам і СМІ за падтрымку і неадступную ўвагу да яго справы. Асаблівую падзяку Жамчужны выказвае актывісткам стваранай партыі БХД Тацьцяне Севярынец і Ганьне Шапуцька, якія, паводле слоў Міхаіла, яго маральна падтрымалі, дакладней – выратавалі на першых этапах расьсьледаваньня яго справы. «Мне і іншым вязьням сумленьня гэта вельмі патрэбна», – піша ён.
Пракамэнтаваць новыя акалічнасьці па справе Жамчужнага пагадзіўся праваабаронца Леанід Сьвецік: "Пакуль абставіны крымінальнай справы Міхаіла Жамчужнага застаюцца невядомымі, – сказаў ён. – Гэтаму паспрыялі ўлады, разгледзеўшы справу ў закрытым судовым паседжаньні. Як толькі поўны тэкст прысуду і іншая верагодная інфармацыя будуць даступныя праваабаронцам і шырокай грамадзкасьці, праваабаронцы пачнуць працэдуру прызнаньня/непрызнаньня спадара Жамчужнага вязьнем сумленьня і наданьня/ненаданьня яму статусу палітвязьня. Да таго моманту лёс Міхаіл Ігаравіча будзе знаходзіцца ў сфэры ўвагі праваабарончай супольнасьці краіны, і яму будзе аказвацца неабходная падтрымка і дапамога».
Віцебская вясна