7-8 жніўня Глыбоцкая суполка ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прымала гасьцей. Сёлетні карпаратыўны фэст сабраў больш за 40 удзельнікаў і пакінуў сьлед ня толькі ў іх памяці ды на флэшках фотаапаратаў, але і ў Вікіпэдыі.
Гаспадары на чале з Тацьцянай Смоткінай старанна рыхтаваліся паказаць свой улюбёны горад найлепшым чынам, і знаёмства зь ім атрымалася сапраўды ўсебаковым: і зьверху, і зьнізу, і знутры. Мясцовыя краязнаўцы Ўладзімер Скрабатун і Юры Каўбасіч правялі групу БАЖаўцаў па цэнтры гораду, распавёўшы пра яго гісторыю і пра сваіх выбітных землякоў. А ў царкве Раства Прасьвятой Багародзіцы (першапачаткова – касьцёл ордэну кармэлітаў) гасьцям дазволілі нават спусьціцца ў старажытныя сутарэньні і падняцца на званьніцу.
Знаёмства з Глыбоччынай працягнулася і падчас працы ў камандах – кожная зь іх атрымала заданьне напісаць для Вікіпэдыі артыкул на пэўную тэму: пра «Вішнёвы фэст» і селекцыянэра Баляслава Лапыра, пра магілу і помнік Мюнхгаўзэну, пра Напалеона ў Глыбокім, пра мясцовы дэндрапарк і пра газэту «Вольнае Глыбокае».
Напачатку адбыўся майстар-кляс ад арганізацыі «Фаланстэр»: трэнэры патлумачылі тэхнічны бок справы і расказалі, па якіх крытэрах будуць ацэньваць працы «вучняў». Журналісты адказна падышлі да справы і сапраўды «капалі глыбей», пакінуўшы ў Вікіпэдыі шэсьць паўнавартасных артыкулаў – найлепшую падзяку глыбачанам за гасьціннасьць.
Увечары госьці пераехалі на аграсядзібу ў вёсцы Валодзькава, дзе іх чакала прахалоднае возера, а потым – вячэра, вогнішча, рамантычны Зьміцер Вайцюшкевіч, танцавальны майстар-кляс пад дуду і скрыпку і безьліч зораў на чыстым жнівеньскім небе.
На наступны дзень журналісты пасьнедалі, крыху падужаліся ў рыбалцы, дартсе і валейболе і перайшлі да падрыхтоўкі прэзэнтацыяў каманд. Нягледзячы на анамальную сьпёку, многія прэзэнтацыі атрымаліся надзвычай крэатыўнымі і энэргічнымі.
baj.by