10 ліпеня Віцебскім абласным судом быў вынесены прысуд заснавальніку ПКПУ «Платформ инавэйшан» Міхаілу Жамчужнаму. Паводле рашэньня суду праваабаронца правядзе 6 гадоў у калёніі строгага рэжыму, таксама на 2 гады і 8 месяцаў Міхаіл пазбаўлены права выконваць арганізацыйна-прававыя функцыі. Раней пракурор запрасіў для Міхаіла 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Міхаіл абвінавачваўся паводле некалькіх сур'ёзных артыкулаў Крымінальнага кодэксу – арт. 376 (ч.1, ч.2), арт. 375 (ч.1), арт. 431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія зьяўляюцца службовай таямніцай, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая зьяўляецца службовай таямніцай, а таксама дача хабару.
Для Міхаіла гэта ўжо другі тэрмін, з 2007 па 2012 гады ён адбываў пакараньне паводле эканамічнага артыкулу. Менавіта ў сувязі зь неадбытым паводле першага прысуду дадатковым пакараньнем (2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня права займацца арганізацыйна-прававой дзейнасьцю) Міхаіл не падпаў пад амністыю. Неадбытае паводле ранейшага прысуду дадатковае пакараньне далучанае да вынесенага цяпер прысуду.
У цяперашні момант Міхаіл Жамчужны і ягоны адвакат рыхтуюцца да падачы касацыйнай скаргі на прысуд.
Пасьля ўступленьня прысуду ў сілу і ў сувязі з тым, што Міхаіл Жамчужны зьяўляецца паўторна судзімым, для адбыцьця пакараньня ён будзе накіраваны ў адну з калёніяў, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя, якія паўторна ўчынілі злачынствы. У Беларусі гэта папраўчыя калёніі № 5 (г. Івацэвічы), № 8 (г. Ворша), № 9 (г. Горкі), ПК № 11 (г. Ваўкавыск), ПК № 14 (Барысаўскі раён), ПК № 20 ( г. Мазыр).
platformarb.com