27 чэрвеня добраахвотнікі выйшлі на бераг Куцеянкі ў вёсцы Стаўры, каб прыбраць сьмецьце, што нагрувасьцілася тут з 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Апроч мясцовых жыхароў да прыборкі далучыліся і жыхары гораду. Мінімум 4 машыны удзельнікаў прыехалі з Воршы. Удзельнікі талакі выкасілі частку травы і сабралі сьмецьце, якое яшчэ і сартавалі для разьдзельнай утылізацыі.
Адразу пасьля талакі для ўсіх удзельнікаў адбылася прэзэнтацыя некалькіх кніг Уладзімера Арлова. Больш за ўсё ўвагі было нададзена чарговы кнізе «Імёны свабоды», у якой пісьменьнік напісаў кароткія біяграфіі і свае ўражаньні пра людзей, што зрабілі багата для Беларусі ў розных галінах жыцьця. Была прывезеная і сьвежая кніга «Ула», якая выйшла ў сэрыі пра знакамітыя бітвы Беларусі. Сэрыю гэтую пісьменьнік пачаў летась з кнігі «Сьцягі Воршы».
Пасьля прэзэнтацыі Ўладзімер Арлоў разам з удзельнікамі талакі паабедаў на аграсядзібе Пуцяціна, гаспадар якой Ігар Грышанаў і быў арганізатарам мерапрыемства пры падтрымцы кампаніі «Беларускі сад».
Паводле orsha.eu