Пасьля сустрэчы з такімі людзьмі, як інвалід першай групы зь дзяцінства Віктар Міхальчэнкаў, пачынаеш інакш глядзець на сьвет і людзей вакол цябе.
Часьцяком, будучы абсалютна здаровымі і вонкава пасьпяховымі, многія з нас скардзяцца на жыцьцё, на маленькія зарплаты, на побытавую неўладкаванасьць. Дык вось нават ноткі скаргі не пачуў я ад мужчыны, які амаль усё сваё жыцьцё правёў у інвалідным фатэлі, а ў апошнія два гады мае патрэбу ў поўным доглядзе за сабой.
Асабліва моцна ўзрушылі мяне яго словы, сказаныя пры канцы нашай гутаркі: «Мы не разьлічваем, што дзяржава вырашыць усе нашы праблемы, па меры магчымасьці мы стараемся вырашаць іх самі. У нас ёсьць пандус, усё ў доме прыстасавана для нашага жыцьця. За мной патрэбен пастаянны догляд, апошнія два гады ўжо ня ем самастойна. На руцэ працуюць толькі два пальцы. Ратуе праца: пастаянна камусьці патрэбная мая дапамога, раблю ўсё, што магчыма ў маіх сілах».
Будучы інвалідам першай групы, ён з 2009 году працуе адміністратарам сайту пры Цэнтральнай управе Грамадзкага аб'яднаньня «Беларускае таварыства інвалідаў». Зьяўляецца сябрам Віцебскай арганізацыі грамадзкага аб'яднаньня «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў», пазаштатным супрацоўнікам Ваўкавыскага раённага грамадзкага аб'яднаньня "Саюз сем'яў загінулых, памерлых, інвалідаў войнаў - Памяць»... Сьпіс арганізацыяў і інтэрнэт-выданьняў, зь якімі ён супрацоўнічае, досыць вялікі.
Адміністраваньне сайтаў, web-дызайн, праграмаваньне, тэставаньне праграмнага забесьпячэньня і сайтаў, стварэньне прэзентацыяў, рэдагаваньне малюнкаў і многае, многае іншае асвоенае самастойна бяз выхаду за межы ўласнага дому. Інтэрнэт стаў для Віктара тым інструмэнтам, які дазваляе ня толькі мець зносіны зь людзьмі па ўсім сьвеце, але і дапамагаць, наколькі гэта магчыма, людзям, што маюць патрэбу ў яго ўдзеле. Дзякуючы яго намаганьням і ініцыятыве створана некалькі сайтаў, прысьвечаных розным бакам жыцьця Лёзна.
Як распавядае Віктар, на адным з гэтых сайтаў, liozno.info, даецца шмат інфармацыі пра пахаваньні, пра загінулых у Лёзьненскім раёне падчас вайны: «Я займаюся тым, што разам з такімі ж, як я, энтузыястамі, дапамагаю знаходзіць магілы пахаваных салдат. Вось зараз прыяжджаюць сваякі байца, пахаванага ў Крынках. Усе зносіны праз сайт. Людзі ведаюць, заходзяць, дзеляцца інфармацыяй. Толькі на маім рахунку, напрыклад, больш за 150 знойдзеных воінаў, сваякі якіх ня ведалі месца іх пахаваньня. Калі б ня гэты сайт, яны так і засталіся б невядомымі, а так сваякі прыяжджаюць у Лёзьненскі край ушанаваць памяць сваіх продкаў. У гэтым пляне ў мяне шырокае поле дзейнасьці. Праз сацыяльныя сеткі кантактую зь людзьмі, якія жывуць у Ангельшчыне, Нямеччыне, зносіны ў мяне існуюць і за мяжой, і тут. Толькі ў скайпе ў мяне больш двухсот чалавек у кантактах».
Жыцьцё Віктара не абмяжоўваецца межамі інтэрнэту. На сваім электрычным фатэлі ён выяжджае з дому ў Лёзьне, можа зьезьдзіць у булачную па хлеб, а дзякуючы мікрааўтобусу, які ёсьць у бацькоў, яны зь сястрой Ірынай, таксама інвалідам першай групы, маюць магчымасьць наведваць Віцебск, Смаленск, Полацак... Апроч таго, выехаўшы, напрыклад, у Віцебск, Віктар знаходзіць час і на тое, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці на парушэньне правоў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Так, у інтэрнэце можна знайсьці ролікі, на якіх ён фіксуе нядбайных кіроўцаў, якія займаюць на паркоўцы месцы, прызначаныя для аўтамабіляў інвалідаў.
Але ўсё ж, кажа Віктар, «сайт, праца ў інтэрнэце забірае ўвесь вольны час - гэта маё асноўнае захапленьне. Яшчэ я захапляюся тэхнікай, дапамагаю людзям, кансультую наконт набыцьця фатэляў, пад'ёмнікаў, то бок па ўсёй тэхніцы рэабілітацыі».
З гэтай нагоды Ірына не ўтрымалася і распавяла гісторыю, якая дапамагае паўней зразумець брата: «Адна дзяўчына з Бабруйску ў абрэз сабрала праз сацыяльныя сеткі грошы на набыцьцё вазка. Ну, вось толькі-толькі на вазок, а на перавозку не было. Дык вось Віктар дамовіўся зь фірмай, якая прадае вазкі, яна зрабіла дзяўчыне зьніжку, каб засталося яшчэ і на дастаўку. Потым супрацоўнікі фірмы перайгралі, каб пакінуць дзяўчыне хоць нейкія грошы, і дамовіліся з дальнабойнікамі. Дырэктар фірмы падвёз да машыны дальнабойніка вазок, абодва яны аказаліся байкерамі, і на гэтай глебе пасябравалі. Пасьля Віктар зьвёў дальнабойніка зь дзяўчынай, якой везьлі вазок. І ўсё гэта, натуральна, праз інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і тэлефонную сувязь».
І грамадзтва, і дзяржава добра ўяўляюць праблемы, зь якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, але прыняцьце неабходных законаў адцягваецца. Як тлумачыць Віктар, «Беларусь дагэтуль застаецца адной зь нешматлікіх эўрапейскіх краін, якія не падпісалі Канвэнцыю аб правох інвалідаў. Добра хаця б тое, што ўдалося праштурхнуць рашэньне аб кампэнсацыі за пампэрсы. Але ж ніхто ня ведае, што для прыняцьця гэтага рашэньня парлямэнтам спатрэбіліся неверагодныя намаганьні: цягам трох-чатырох гадоў канкрэтныя людзі пісалі ў вышэйстаячыя інстанцыі свае лісты».
Ірына зноў ня стрымліваецца і дадае чарговы факт са зробленага братам: «У той час, калі ў нас толькі пачынала разьвівацца інтэрнэт-прастора, Віця пісаў ва ўсе інстанцыі, каб быў зроблены нейкі сацыяльны тарыф. Бо раней гэтага не было: сацыяльны тарыф на інтэрнэт, сацыяльны тарыф на мабільную сувязь. Гэтага ўсяго не было. І потым ён раптам зьявіўся, але гэтага б не адбылося, калі б хтосьці не даслаў сотні лістоў з просьбамі і прапановамі. Але першы распачаў ён, яму нават Пяткевіч нейкі адказ давала годзе ў 2004-м».
Дзякуючы сваёй неверагоднай працаздольнасьці, аптымізму, руплівасьці ў засваеньні новага, імкненьню аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, за сваё сьвядомае жыцьцё Віктару Міхальчэнкаву ўдалося выйсьці далёка за межы правінцыйнага беларускага мястэчка, зрабіць столькі, колькі абсалютна здаровым людзям не атрымоўваецца ажыцьцявіць за ўсё жыцьцё.
С. Горкі, Віцебская вясна