На «Нафтане» не выплацілі дзьве квартальныя прэміі за выкананьне патрабаваньняў аховы працы – за апошні квартал 2014 году і першы квартал 2015-га. Работнікі ААТ у зьдзіўленьні, паколькі іх калегі па канцэрне – нафтаперапрацоўшчыкі з Мазырскага НПЗ грошы атрымалі.
«Прэмія выплачваецца пры выкананьні пэўных паказчыкаў. Як патлумачыла кіраўніцтва, гэтыя паказчыкі не былі выкананыя (у 4-м квартале 2014-га адбыўся няшчасны выпадак са сьмяротным зыходам). Думаю, што выплата прэміі таксама залежыць ад фінансавай абстаноўкі, якая была ня вельмі добрай», – сказаў старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) працаўнікоў ААТ «Нафтан» Іван Сьвятоха.
Не было выплачанае на прадпрыемстве і матэрыяльнае ўзнагароджаньне па выніках 2014 году («трынаццатая зарплата»). «Працаўнікам абяцана, што грошы яны атрымаюць у дзьвюх частках найбліжэйшымі месяцамі. Затрымка таксама была зьвязаная зь фінансавымі цяжкасьцямі», – паведаміў Іван Сьвятоха.
praca-by.info