«Добраўпарадкаваньне дарогі [што вядзе да месца масавых пахаваньняў] у лесе немэтазгодна ў сувязі з правядзеньнем пошукавых работ», - такі адказ на зварот актывістаў аргкамітэту па стварэньні грамадзкай ініцыятывы “Хайсы” атрымаў Ян Дзяржаўцаў. Пад адказам стаіць подпіс старшыні Мазалаўскага сельскага выканаўчага камітэту Леаніда Дубіны.
Актывісты «Хайсоў» дамагаюцца высьвятленьня акалічнасьцяў меркаваных масавых забойстваў часоў сталінізму ды ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных ахвяр, парэшткі якіх знойдзеныя ў лясным масіве непадалёк ад аднайменнай вёскі.
Нагадаем, каб разабрацца ў справе, камісія Мазалаўскага сельскага савету 13 траўня наведвала лясны масіў ля вёскі Хайсы. У склад камісіі ўваходзілі старшыня сельскага выканаўчага камітэту Леанід Дубіна, кіраўнік справаў сельвыканкаму К. Кавалёва, лясьнічы Лосьвідзкага лясьніцтва А. Ліпчанскі. На месца выезду быў запрошаны і прадстаўнік стваранай грамадзкай ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў.
У дасланым па выніках азнаямленьня з акалічнасьцямі справы адказе ў прыватнасьці паведамляецца, што Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь па Віцебскім раёне ў цяперашні момант праводзіць «экспэртызу парэшткаў людзей, знойдзеных у раёне в. Хайсы» з мэтай высьвятленьня іхнай «даўнасьці».
Таксама з уласнае ініцыятывы, нібыта на падставе інфармацыі, атрыманай ад мясцовых жыхароў, сельскі выканкам правярае вэрсію пра магчымае пахаваньне там асобаў, што загінулі ў часы Другой сусьветнай вайны. У сувязі з гэтым была дасланая заяўка ў Віцебскі абласны вайсковы камісарыят аб «правядзеньні раскопак на ўказаным месцы з мэтай усталяваньня пэрыяду і характару пахаваньня».
Само па сабе досыць лягічнае дзеяньне ўладаў не павінна, на першы погляд, выклікаць ніякай насьцярогі з боку грамадзкасьці. Аднак, як сьцьвярджаюць актывісты ініцыятывы «Хайсы», паводле сьведчаньняў вяскоўцаў, якія жылі ў тыя часы, ніякага масавага зьнішчэньня мірнага насельніцтва з боку нямецкіх захопнікаў у іхных мясьцінах не было. А вось пра зьнішчэньне там рэпрэсаваных у 30-х гадох ведаюць нават тыя, хто нарадзіўся пасьля вайны. Таму, на думку актывістаў, гэтая спроба высьвятленьня «гістарычнай праўды» можа быць яўнай ці неўсьвядомленай спробай падмены, імкненьня уладаў скіраваць грамадзкую думку ў звыклы для яе ідэалягічны калідор «фашысцкага тэрору».
Як сьцьвярджаецца пры канцы ліста з Мазалаўскага сельвыканкаму, па выніках экспэртызы мясцовыя ўлады будуць вызначаць «месца і парадак пахаваньня знойдзеных парэшткаў».
Віцебская вясна