У сакавіку бягучага году праваабаронца Павал Левінаў паставіў перад Галоўным упраўленьнем юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту пытаньне наконт адпаведнасьці рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» дзейнаму заканадаўству. І празь месяц атрымаў зь віцебскай юстыцыі адказ: рашэньне цалкам адпавядае Канстытуцыі краіны і міжнародным дамовам.
Варта адзначыць, што спадар Левінаў слушна ўзьняў гэтае пытаньне перад юрыстамі ўпраўленьня юстыцыі. Бо рашэньне гарадзкога выканкаму №881 так спрытна складзенае чыноўнікамі, што з моманту яго прыняцьця і аж дагэтуль, то бок на працягу 6 гадоў запар, грамадзяне не змаглі зладзіць ніводнага (!) масавага мерапрыемства ў Віцебску.
Праваабаронца аргумэнтавана паспрабаваў даказаць памылковасьць заключэньня галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму ад 28 ліпеня 2009 году наконт рашэньня Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» ад 10 ліпеня 2009 году ў частцы яго адпаведнасьці міжнародным дамовам.
Аднак начальнік упраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Сяргей Канапелька адхіліў усе прэтэнзіі праваабаронцы. На думку начальніка віцебскай юстыцыі, у выніку праведзенай юрыдычнай экспэртызы ў дачыненьні да рашэньня №881 упраўленьнем вынесенае заключэньне, якое зьмяшчае абгрунтаваную выснову пра адпаведнасьць гэтага рашэньня міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь.
Сытуацыю пракамэнтаваў праваабаронца Леанід Сьвецік: «У артыкуле 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, ратыфікаванага Беларусьсю, выразна гаворыцца пра тое, што дзяржава абавязаная паважаць і забясьпечваць усім асобам грамадзянскія і палітычныя правы. Да гэтых правах, у прыватнасьці, належыць права на арганізацыю і правядзеньне пікетаў, мітынгаў і шэсьцяў. Больш таго, дзяржава абавязаная прымаць такія законы і рашэньні, каб гэтае права грамадзяне маглі максымальна проста рэалізоўваць. Іншыя паводзіны з боку ўлады будуць успрымацца міжнароднай грамадзкасьцю як нецывілізаваныя і недэмакратычныя».
«Магчыма, рашэньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» фармальна адпавядае дзейнаму заканадаўству. Але фактычна гэтае рашэньне разбурае прынцыпы дэмакратычнай дзяржавы – усяляк спрыяць грамадзянам у рэалізацыі іхных правоў і свабод. Таму праваабаронца Павал Левінаў мае рацыю ў сваіх прэтэнзіях да рашэньня, якое замінае рэалізацыі права грамадзян на масавыя мерапрыемствы ў Віцебску», – мяркуе Леанід Сьвецік.
Віцебская вясна