Віцебскі праваабаронца спрабуе паказаць прадстаўнікам улады абсурднасьць іх дзеяньняў у спробах абмежаваць фундамэнтальныя правы чалавека. «Не мыцьцём, дык кáтаньнем» - так вызначае Павал Левінаў мэту сваіх зваротаў у органы ўлады.
9 сакавіка прадстаўнік Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Павал Левінаў даслаў на імя начальніка АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску ліст «Аб прадухіленьні парушэньня правоў чалавека» і агляд-хроніку «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе».
Нагодай да напісаньня зваротаў сталі падзеі, што адбыліся пасьля таго, як 5 лістапада віцебскія журналісты далучыліся да сусьветнай кампаніі «Станем за журналістыку». Нагадаем, мясцовыя незалежныя журналісты разам з неабыякавымі мінакамі сфатаграфаваліся каля будынку па вуліцы Ільінскага, 39. Здавалася б, звычайная рэч, ня вартая асаблівай увагі. Аднак пасьля разьмяшчэньня фотаздымкаў у сеціве, начальнік ААПП АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў угледзеў у дзеяньнях грамадзян парушэньне артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Рэч у тым, што на сьцяне дому разьмешчаны малюнак з выявамі трох зялезных клетак, з якіх вылятаюць на волю папяровыя птушкі, зробленыя з газэтных аркушаў.
Згаданы прадстаўнік праваахоўных органаў палічыў, што адбылася не дазволеная ўладамі акцыя (пікет), бо гэтая выява нясе выразны сэнсавы пасыл пра абмежаваньне дзяржавай прафэсійных правоў журналістаў. Пра існаваньне гэткіх абмежаваньняў міліцыянт, відаць, добра ведае, таму, як прадстаўнік існай тут сёньня дзяржаўнай сыстэмы, пасьпяшаўся паспрабаваць адбіць у журналістаў усялякую ахвоту да натуральнага змаганьня за свабоду слова. Адбіць ахвоту яму наўрад ці ўдалося, а вось прысуджаныя фігурантам справы штрафы былі досыць высокімі: ад 18 да 25 базавых велічыняў.
Прыкрая, але ўласьцівая для нашага часу гісторыя мела свой лягічны пазытыўны працяг: у сакавіку выйшаў з друку штогадовы агляд няўрадавага праваабарончага цэнтру «Вясна» «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе». У якасьці выразнага прыкладу для ілюстрацыі абмежаваньня свабоды слова, права на распаўсюд інфармацыі і перасьледу журналістаўпрыведзены і гэты выпадак, ініцыяваны маёрам Рыбаковым. Як той казаў, краіна павінна ведаць сваіх «герояў».
Пасьля выхаду кнігі Павал Левінаў даслаў на імя начальніка АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску ліст і гэтую кнігу.
У сваім лісьце праваабаронца нагадаў фразу, выказаную кіраўніком дзяржавы на сваёй прэс-канферэнцыі 29 студзеня ў адрас асобных прадстаўнікоў улады, якія парушаюць правы простых грамадзян і ўжываюць да іх рэпрэсіі: «Калі ўлада пачынае такое рабіць, яны - ідыёты, проста дзейнічаюць на шкоду ўлады».Спаслаўшыся на гэтае выказваньне, Левінаў напісаў, што «на шкоду ўлады дзейнічаў і маёр міліцыі – начальнік ААПП АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна г. Віцебску Рыбакоў А.А».
«Цяжка не пагадзіцца з кіраўніком дзяржавы – маёр міліцыі Рыбакоў А.А. дзейнічаў на шкоду ўлады!!! Гэты абуральны выпадак увайшоў у агляд-хроніку “Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе”», – дадае прадстаўнік «Беларускага Хэльсынскага камітэту».
Дасланая міліцэйскаму начальніку кніга неўзабаве вярнулася назад да праваабаронцы. У далучаным да кнігі лісьце паведамлялася, што «падставаў для азнаямленьня супрацоўнікамі чыгуначнага РАУС з аглядам-хронікай няма».
Абскарджваць гэтае рашэньне міліцэйскага чыноўніка, як той раіць праваабаронцу, спадар Левінаў не зьбіраецца. А вось даслаць ва Ўпраўленьне унутраных спраў аблвыканкаму чатыры зборнікі (адзін для АУУС і тры для кожнага з РАУС) мяркуе абавязкова.
Як кажа Павал Левінаў, ён дзейнічае гэткім чынам у адказ на алягічныя дзеяньні асобных прадстаўнікоў улады, па прынцыпу – «не мыцьцём, дык кáтаньнем».
Тое, што практыкуе праваабаронца ў дачыненьні да прадстаўнікоў тутэйшага чынавенства, можна назваць своеасаблівым «маральным тролінгам»: ён ўжо падаў ў мясцовыя органы ўлады заяву пра дазвол сфатаграфавацца на тым самым месцы ў той самы час праз год. І, паводле Левінава, улада дазволіла сфатаграфавацца яму і з клеткамі, і з птушкамі, бо гэта - ня масавае мерапрыемства.
У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: «А за што ў такім выпадку былі аштрафаваныя прыстойныя беларускія грамадзяне?»
С. Горкі