У Глыбокім грамадзкія актывісты зладзілі вулічную акцыю па раздачы мінакам стужак зь беларускім арнамэнтам. «У глыбоцкіх крамах не знайшлі стужак зь бел-чырвона-белым узорам, але ўсё адно вырашылі раздаць стужкі, хоць і з дадаткам зялёнага колеру, бо гэта таксама нейкі напамін людзям пра беларускасьць”, – распавёў удзельнік акцыі Зьміцер Лупач.
Зьміцер Лупач: «Адметна тое, што ніхто зь людзей, якія праходзілі, не называў нас фашыстамі, не адмаўляўся ад стужкі – усе бралі. Праўда, стужка не зусім беларуская была, бо беларусы ў нацыянальных строях не выкарыстоўвалі зялёнага колеру. Але радуе тое, што ўлада таксама хоча стварыць нешта сваё, што не раздаюць георгіеўскія стужкі, а свае нацыянальныя».
Стужкі зь беларускім арнамэнтам былі раздадзеныя ў цэнтры гораду Глыбокае, у парку Перамогі. Такія акцыі, паводле слоў актывістаў, яны будуць ладзіць часьцей, каб людзі памяталі, што яны – беларусы.
Паводле racyja.com