У 2012 годзе губэрнатар Віцебскай вобласьці Аляксандар Косінец будаваў грандыёзныя пляны па прыцягненьні турыстаў у Полацак. Ля Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра, паводле яго задумкі, мусіла зьявіцца пешаходная вуліца і гатэльныя комплексы. На рацэ – плывучы рэстаран і пракат лодак. Плянавалі нават пляцоўкі для пасадкі гелікоптэраў. Увесь праект ацэньваўся амаль у 250 мільёнаў даляраў.
Прамінула тры гады. Комплексная праграма разьвіцьця Полацку прадугледжвае ўключэньне турызму ў пералік асноўных напрамкаў разьвіцьця гораду. Але за гэты час пасьпелі толькі расчысьціць берагі ля Палаты. З турэцкім інвэстарам дамову скасавалі. У мясцовым бюджэце грошай на такі праект няма. І толькі царква не адступаецца ад пастаўленай мэты – выкупляе хату за хатай ля манастыра, каб стварыць тут свой квартал.
Полацак уваходзіць у топ-5 самых наведвальных гарадоў Беларусі. Штогод сюды прыяжджае да 300 тысяч турыстаў. Гэта вельмі нізкая лічба, калі параўнаць з паказчыкамі ў суседніх Польшчы і Летуве. Там гістарычныя гарады наведваюць мільёны турыстаў.
Тры гады таму ўлады заяўлялі, што каля Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра павінна паўстаць турыстычная вуліца – мясцовых жыхароў са старых дамоў меркавалася адсяліць, на іх месцы пабудаваць гатэлі і рэстарацыі. Вернікі, даведаўшыся пра такую пэрспэктыву, сталі пісаць прэзыдэнту. Маўляў, ня трэба тут ладзіць фантанаў і кафэ-шайтанаў. У 2012-м Лукашэнка прыехаў у Полацак і сказаў, што рашэньне наконт кварталу прынятае, скардзіцца бескарысна. Але крызыс перашкодзіў рэалізаваць амбіцыйныя пляны.
Мясцовым жыхарам прапануюць перасяляцца ў баракі
Да Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра прымыкае невялікі жылы квартал. Пасьля вайны тут давалі зямлю выкладчыкам ляснога каледжу і кадравым вайскоўцам. Некаторым хатам больш за 60 гадоў. І хоць квартал знаходзіцца ў 10 хвілінах язды ад цэнтру, тут спакойна і ціха – амаль як у вёсцы. Ацяпленьне пячное, газ – у балёнах, водаправоду і каналізацыі шмат у каго дагэтуль няма.
Паводле задумкі ўладаў, на месцы гэтых дамоў мусілі зьявіцца сувэнірныя крамы, рэстарацыі, гатэлі. Тагачасны мэр Полацку Аляксандар Пазьнякоў заяўляў, што цікавасьць да праекту выказвала група турэцкіх кампаніяў. У аддзеле эканомікі пацьвердзілі, што была заключаная інвэстыцыйная дамова з кампаніяй «Сэднац», аднак да будаўніцтва справа так і не дайшла.
«Паўстала пытаньне, хто будзе займацца адсяленьнем жыхароў, – кажа галоўны спэцыяліст аддзелу Марыя Мацюшэнка. – У інвэстара не было на гэта сродкаў, у горада таксама».
Паводле яе слоў, цяпер інвэстара на стварэньне ў гэтым раёне турыстычнага кварталу няма, але пошукі вядуцца.
Тым часам царква дзейнічае больш рашуча. Паводле слоў мясцовых жыхароў, яшчэ летась ігуменьня манастыра абышла ўсе сем'і з пытаньнем, на якіх умовах людзі гатовыя пакінуць свае дамы.
«Ёсьць праграма, згодна зь якой гэта будзе лічыцца гістарычным цэнтрам, – кажа адзін са старажылаў. – Як толькі ў дзяржавы зьявяцца грошы, людзей выселяць. Пакуль у бюджэце няма грошай, царкве сказалі, калі ў вас грошы ёсьць, дамаўляйцеся зь мясцовымі жыхарамі. Я так разумею, царква з задавальненьнем за гэта ўхапілася, бо выкупляюць ня толькі хату, але і ўсю тэрыторыю».
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
«Асаблівай ахвоты зьяжджаць няма, – кажа мужчына. – Тут жыла маці. Яна памерла тры гады таму. Пайшлі ў выканкам, каб далі дабро на рамонт. А там не дазваляюць. Кажуць, маўляў, калі хочаце – рамантуйце, але калі вас будуць высяляць, мы вам нічога не кампэнсуем. Сказалі, што дом выйшаў з ладу, і прапанавалі перасяляцца ў барак. Паводле закону, такое жытло ўважаецца за адпаведнае».
Сусед праз дарогу таксама спадзяецца даўжэй затрымацца на старым месцы. Ягонай хаце 75 гадоў. «Але калі заставацца, не даюць рэканструяваць, бо тут гістарычная зона», – тлумачыць ён.
Паводле яго слоў, прадстаўнікі царквы з кожным дамаўляюцца па-рознаму: бо хто-небудзь хоча новую кватэру або дом, а камусьці даспадобы гатоўка. Кошт угоды залежыць ад таго, колькі чалавек прапісана, які ўчастак зямлі і мэтраж дому. Ёсьць тыя, хто за старэнькую хаціну запытваюць па 100 тысяч эўра.
Яго суседу за хату на тры пакоі і лазьню далі 3-пакаёвую кватэру ў спальным раёне.
Ці задавальняе жыхароў такая альтэрнатыва?
«У гэтай хаце жыла жанчына, якой было пад 70 гадоў, – паказвае на жоўтую цагляную хату жыхар дому № 92. – Ёй купілі кватэру ў спальным раёне на вуліцы Марыненкі, дык яна з задавальненьнем паехала, бо ў яе ў хаце было пячное ацяпленьне – вугаль трэба замовіць, прывезьці, раскласьці. Цяпер такіх праблемаў ня будзе».
Паводле словаў мясцовых жыхароў, набытыя дамы царква пакуль ня зносіць. Дзесьці перакладаюць печкі, дзе-то пачалі працу з добраўпарадкаваньня ўчасткаў. У некаторых хатах ужо могуць разьмяшчацца паломнікі. А ў былым дзіцячым садку знаходзіцца нядзельная школка.
Крызыс сыграў на руку і мясцовым жыхарам, і царкве – у дзяржавы і прыватных інвэстараў пакуль няма грошай на гэты квартал. А значыць, высяленьне будзе добраахвотным.
«Мы разумеем, што завісьлі на валаску, – кажа жыхар 92-га дому. – Але зь іншага боку, пакуль грошы зь бюджэту накіраваныя на рэканструкцыю "чырвонай больніцы"». Вядзецца пра рэканструкцыю кварталу ў раёне Верхняга замку.
Лясному каледжу прапанавалі пераехаць у былыя вайсковыя казармы
На валаску ад высяленьня і лясны каледж, будынак якога знаходзіцца праз дарогу ад управы Полацкай епархіі. Калі Віцебская духоўная вучэльня пераўтваралі на сэмінарыю – вышэйшую навучальную ўстанову, хадзілі размовы, што філіял перанясуць у Полацак, у будынак ляснога каледжу.
Полацкі лясны каледж разьмешчаны ў будынку былой епархіяльнай вучэльні, пабудаванай ў 1907 годзе. Фота wildlife.by
Полацкі лясны каледж – адзіная профільная ўстанова такога кшталту ў краіне. Сёлета ён адзначыць 94-годзьдзе з моманту заснаваньня. Тут навучаецца каля 500 студэнтаў. Дырэктар Сьвятлана Шэрман кажа, што выпускнікоў разьмяркоўваюць па ўсёй краіне.
«Вы б бачылі, што тут робіцца на разьмеркаваньні! Нашы спэцыялісты нарасхват. На аднаго чалавека ў сярэднім прыпадае тры заяўкі», – кажа яна.
У 2012 годзе пайшлі размовы, што каледж выселяць, а будынак – помнік культуры і архітэктуры – аддадуць Полацкай епархіі. Наўзамен мясцовыя ўлады прапанавалі каледжу старыя вайсковыя казармы. Паводле слоў дырэктара, у горад прыяжджаў намесьнік міністра адукацыі Сяргей Руды, і яго такі варыянт не задаволіў.
«Апошнія два гады ўсё ціха і спакойна, нас ніхто не чапае, – кажа яна. – Былыя вайсковыя казармы, вядома, маюць вялізныя плошчы, але каб яны адпавядалі патрабаваньням ўстановы адукацыі, трэба ўкласьці шмат грошай у рамонт. Ды і ацяпляць такі будынак дорага».
Ігуменьня манастыра: мы хочам вярнуць нашу зямлю і дамы
У 1924 годзе Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр быў зачынены на загад савецкіх уладаў. Манашкі сталі вяртацца сюды толькі пры канцы 80-х.
Паводле слоў дырэктара полацкага Нацыянальнага гісторыка-культурнага музэю-запаведніка Тамары Джумантаевай, за савецкім часам у будынку манастыра давалі кватэры, у асноўным, вайскоўцам. У доме, дзе сёньня жыве епіскап, пасьля вайны засялілі першага сакратара абкаму партыі. Што тычыцца прыватнай забудовы, то людзі атрымлівалі надзелы і сваімі сіламі ўзводзілі тут хаты.
Калісьці манастыру належалі нават сажалкі з рыбай, якія знаходзяцца нездалёк (у бок вайсковай часткі). Далей была забудова з дачнымі хаткамі, куды засялялі вернікаў з Санкт-Пецярбургу, якія ўлетку прыяжджалі ў Полацак. Цяпер там таксама дачы, але ўжо прыватныя.
«Мы патрошку выкупляем тое, што было манастырскае, – кажа ігуменьня Спаса-Эўфрасіньнеўскага жаночага манастыра ігуменьня Эўдакія. – Выкупілі дом сьвятара, манастырскі дом, дзе было шэсьць кватэр. Мы просім людзей, каб яны нам дапамаглі. З Божай дапамогай пакрыху купляем людзям кватэры і атрымліваем наша кроўнае. Нам чужога ня трэба».
Лясны каледж – гэта былая духоўная вучэльня. «Вядома, мы б хацелі, каб гэты будынак належаў нам, – кажа матушка. – У нас столькі кроўных патрэб у манастыры. Але пакуль пра гэта не вядзецца, бо ня ўсё залежыць ад нас».
Паводле яе слоў, былы мэр гораду Аляксандар Пазьняк ставіў ўмову: калі царква знойдзе фундатараў, каб адрамантаваць былыя вайсковыя казармы пад навучальную ўстанову, толькі тады каледж будуць высяляць.
«Натуральна, ніякіх фундатараў не знайшлі. І ніхто іх не высяляе», – кажа ігуменьня Эўдакія.
Зь мясцовымі жыхарамі манастыр спрабуе дамаўляцца: «Ніхто нікога гвалтам не адпраўляе. І калі хтосьці просіць хату, купляем яму хату. Хто хоча кватэру, купляем кватэру».
Штогод у Полацак прыяжджаюць тысячы вернікаў.
Адна з хатак для пілігрымаў, што належаць манастыру
«Мне столькі людзей кажуць: «У вас такі прэстыжны манастыр, але няма нармальнага гатэлю. Мы б заплацілі грошы, каб нас пасялілі». Але ў нас ёсьць толькі тры невялікія хаткі», – адзначае матушка.
На думку служыцеляў царквы і вернікаў, будаваць ля манастырскага комплексу забаўляльныя ўстановы, як гэта прапанавалася некалькі гадоў таму, недарэчна.
naviny.by