Судовы працэс распачаўся 25 сакавіка ў Першамайскім райсудзе Віцебску і праходзіць у закрытым рэжыме. Зрабіць працэс закрытым – ініцыятыва судзьдзі Андрэя Прэйса. Даведаўшыся пра рашэньне судзьдзі, Сяргей Рыжоў прапанаваў зрабіць суд адкрытым, аднак судзьдзя не пагадзіўся. Сяргей Рыжоў заявіў суду адвод, але той ня быў прыняты.
Хоць у судовую залю трапіць было немагчыма, некалькі чалавек прыйшлі да будынку райсуду, каб даведацца пра ход судовага працэсу. Сярод іх – праваабаронца Павал Левінаў:
«Да пачатку суду Сяргей Рыжоў пасьпеў паведаміць, што на працягу першых 19 дзён пасьля арышту ён трымаў галадоўку. Гэта супярэчыць папярэднім заявам ягонага сябра, лекара Ігара Пастнова, які цьвердзіў, што жыцьцё і здароўе Рыжова пад пагрозай праз працяглую галадоўку, якую ён нібыта трымае дагэтуль. Выглядае Рыжоў ня лепшым чынам – твар змучаны, нязвыкла кароткая стрыжка. Перад пачаткам працэсу 25 сакавіка каля Першамайскага райсуду сабралася шмат міліцыі, у форме і ў цывільным – верагодна, яны чакалі нейкіх пратэстных акцыяў ці нечага падобнага. Аднак гэты працэс надзвычайнай цікаўнасьці ў віцяблянаў не выклікае».
Адвакат Сяргея Рыжова ніякіх падрабязнасьцяў не распавядае, спасылаючыся на падпіску аб неразгалошваньні. Сябры Рыжова ведаюць, што яго судзяць паводле абвінавачаньня ва ўчынках, рэглямэнтаваных артыкулам 167 («Гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару»), частка 1, і артыкулам 339 («Хуліганства»), частка 1.
Суд разьбірае інцыдэнт у віцебскім выцьвярэзьніку, куды Сяргей Рыжоў трапіў увосень 2013 году. Ён скардзіўся, што ў выцьвярэзьніку яго зьбівалі супрацоўнікі-міліцыянты, а тыя цьвердзілі, што Рыжоў хуліганіў і не падпарадкоўваўся іхным патрабаваньням. Але прысуджаныя за гэта 15 сутак арышту ён так і не адбыў: зьехаў у Расею, дзе прабыў да сярэдзіны студзеня. У першыя ж дні знаходжаньня ў Беларусі яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА праз абвінавачаньні, паводле якіх цяпер судзяць.
Радыё Свабода