У жанчыны трэцяя група інваліднасьці па зроку, але яе кіраўніцтва мяркуе, што гэта не замінае цягаць цяжкія мяхі са сьмецьцем.
Аксана Мушкат уладкоўвалася прыбіраць пад’езды ў дамох. Аказалася, трэба і на сьметнік езьдзіць, сьмецьце сартаваць, і на розныя іншыя працы па горадзе. Калі ж Аксана стала адмаўляцца выконваць гэтыя абавязкі, ёй сталі ставіць менш працоўных гадзін, адпаведна, і зарплата стала меншая. А жанчыне трэба выплачваць яшчэ і крэдыт за рамонт кватэры.
Спрэчкі з працадаўцам расьцягнуліся не на адзін год. Аднак 4 сакавіка яе выклікалі на паседжаньне камісіі па працоўных спрэчках. Незалежных журналістаў, якіх запрасіла Аксана, камісія туды не дапусьціла, ім давялося чакаць за дзьвярыма. Не дазволілі Аксане і рабіць аўдыёзапіс паседжаньня. Разгляд справы цягнуўся каля дзьвюх гадзін.
“Дзяўблі, што яны ва ўсім маюць рацыю, а я вінаватая, – расказала жанчына пра ход паседжаньня. – Зрабілі зь мяне авечку – я вінаватая, і ўсё. Зрабілі зь мяне інваліда, маўляў, гэта яны ідуць мне на саступкі, што трымаюць мяне тут”.
Аксана паводле адукацыі бухгальтар, але такой працы ёй даць ня могуць.
“У нас няма працы, тут МРЭК (мэдычная камісія) прызначае, што я магу на пасадзе бухгальтара працаваць. Зразумела, я сказала, што магу быць бухгальтарам. Мне сказалі, што ім трэба бухгальтар з вышэйшай адукацыяй”.
Майстар ЖКГ Аляксандра Плыгаўка з журналістамі размаўляць адмовілася.
Паводле слоў начальніцы Аксаны, зьбіраць па горадзе паперкі – праца ня цяжкая. Аднак жанчына з гэтым ня згодная:
“Паперкі, ну… Гэта цэлы дзень так адхадзіць, нагрузка на вочы ў мяне ідзе. Цягаць мяшкі са сьмецьцем з аднаго канца гораду ў другі – гэта, відаць, лёгка для іх, пясок цягаць. Калі атрымоўваецца, пад’яжджаюць, а калі не атрымоўваецца, пешшу трэба хадзіць”.
Былы начальнік Аксаны Віктар Філіпенка сьцьвярджае, што звальняць Аксану ніхто не зьбіраецца. Яе накіравалі на мэдычную камісію, па выніках будзе прынятае рашэньне.
“Ніхто ж яе не звальняе. Трэба афіцыйна паперу прадставіць, пацьвердзіць дакумэнты. Дык яна ж адразу іх не аддала, трымала ў сябе. Пройдзе камісію, гэтыя дні аплацяцца ёй. Здаровая, дык здаровая, хай працуе, у чым пытаньне. Тут жа ніхто пакрыўдзіць яе ня хоча, гэта ня наша задача”, – кажа Віктар Філіпенка.
Пакуль Аксана зьбіраецца прайсьці камісію і спадзяецца, што прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці праз СМІ дапаможа ёй вырашыць праблему.
Эўрарадыё