Глыбоцкага незалежнага журналіста Зьмітра Лупача не пусьцілі ў райвыканкам з фотаапаратам у торбе.
Паводле спадара Лупача, ён скіроўваўся ў аддзел эканомікі перадаць дакумэнты, якія тычацца ягонага прыватнага прадпрымальніцтва: “Я ішоў з торбай. Міліцыянт, які дзяжурыць пры ўваходзе, папрасіў паказаць, што там ляжыць. А ўнутры ляжаў фотаапарат “Nikon”. Тут міліцыянт заявіў, што “з прафэсійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены – маўляў, ёсьць такое распараджэньне кіраўніка спраў райвыканкаму. Добра, што мы былі ўдвох зь сябрам, якому я пакінуў торбу са здымачом, пакуль хадзіў аддаваць паперы”.
Заадно Зьміцер Лупач вырашыў завітаць і да кіраўніцы спраў райвыканкаму – распытаць, чым выкліканая забарона мець здымачы ў грамадзкім будынку (дзе, дарэчы, месьціцца ня толькі райвыканкам, але і шэраг грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку і мясцовы ЗАГС).
“Як быць у тым выпадку, калі давядзецца фатаграфаваць вясельле? Я ж зарэгістраваны прыватным прадпрымальнікам, і адзін зь відаў маёй прадпрымальніцкай дзейнасьці – гэта якраз фатаграфаваньне. Дужа карцела запытацца пра гэта ў кіраўніцы спраў райвыканкаму Іны Анатольеўны Пачопкі. Але мне сказалі, што яна пайшла на нараду, і яшчэ дзьве гадзіны я тэлефанаваў да яе ў габінэт, каб даведацца, што да чаго. Урэшце працоўны дзень скончыўся, а адказу я так і не атрымаў”, – распавёў спадар Лупач.
На сайце райвыканкаму ён адшукаў тэлефонны нумар “гарачай ліні” для “апэратыўнага вырашэньня сацыяльна-побытавых праблем”. Аднак апэратыўнага вырашэньня не адбылося: журналісту сказалі, што гэта нумар прыёмнай выканкаму, і што там ніколі ня чулі пра распараджэньне наконт “прафэсійных фотаапаратаў”.
Зьміцер Лупач вырашыў наступнага ж дня зьвярнуцца ў выканкам з афіцыйным запытам – якую канкрэтна фотатэхніку там лічаць “прафэсійнай”, і чым выкліканыя такія надзвычайныя захады перасьцярогі.
baj.by