Агульная сума завышэньня кошту жытла, якое прыватызуецца, у Віцебскай вобласьці ў 2013-2014 гадох, паводле дадзеных вынікаў пракурорскіх праверак, склала больш за Br1,2 млрд. Гэтыя лічбы былі агучаныя на сумеснай калегіі пракуратуры і Камітэту дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці на тэму выкананьня патрабаваньняў заканадаўства пры прыватызацыі жылых памяшканьняў.
"Выбарковыя праверкі пракуратуры, якія ахапілі каля тысячы матэрыялаў, выявілі факты завышэньня кошту жытла на агульную суму больш за Br1,2 млрд і заніжэньня - каля Br800 млн. У першым выпадку гэта парушэньне інтарэсаў грамадзян, у другім - шкода дзяржаве. А ўсяго за 2013 2014 гады мясцовымі выканаўчымі органамі выдадзеныя больш за 31 тыс. дазволаў на прыватызацыю аб'ектаў нерухомасьці. Гэта значыць, па факце няправільных разьлікаў можа выявіцца значна больш", - сказаў пракурор вобласьці Генадзь Дыско.
Да заканчэньня тэрміну, калі грамадзяне могуць прыватызаваць жытло, застаецца крыху больш за год, і ажыятаж з боку насельніцтва на правядзеньне гэтай працэдуры не спадае. Супрацоўнікі пракуратуры, а таксама КДК з канца 2013 году ладзяць мэтанакіраваны кантроль за выкананьнем заканадаўства ў гэтай сфэры. Удзельнікі калегіі адзначылі, што праца ацэначных камісіяў пры выканкамах у шэрагу выпадкаў носіць фармальны характар. Гэта пацьвярджаюць і кантрольныя праверкі, падчас якіх выяўляюцца ўсё тыя ж парушэньні, што мелі месца раней. Гэта значыць некаторыя выканкамы і арганізацыі не выпраўляюцца нават пасьля ўнясеньня прадпісаньняў і даручэньняў, прыцягненьня да дысцыплінарнай адказнасьці.
Як адзначыла начальніца аддзелу па выкананьні заканадаўства і законнасьці прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласьці Ірына Януковіч, выяўляюцца такія факты, як няправільная ацэнка кошту жытла, парушэньне тэрмінаў разгляду зваротаў і прыняцьця рашэньняў аб дазволе прыватызацыі, парушэньні пры афармленьні праваўстаноўных дакумэнтаў, адсутнасьць кантролю за паступленьнем грашовых сродкаў ад прыватызацыі, непрыняцьце мер па фактах пратэрміноўкі плацяжоў, адчужэньне аб'ектаў нерухомасьці, якія не падлягаюць прыватызацыі, і іншыя. "Па выніках праверак 2014 году і кантрольных, якія яшчэ працягваюцца, унесена 25 прадстаўленьняў, апратэставана больш за 25 рашэньняў выканкамаў, 38 службовых асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці", - дадала Ірына Януковіч.
У выніку фармальнага стаўленьня некаторых службовых асоб да выкананьня службовых абавязкаў ў 2014 годзе больш чымся ў 2 разы (з 101 да 211) узрасла колькасьць зваротаў грамадзян аб парушэньнях заканадаўства пры прыватызацыі жылых памяшканьняў, многія зь якіх аказаліся абгрунтаванымі. Апроч таго, колькасьць адміністрацыйных скаргаў на рашэньні выканкамаў аб прыватызацыі жытла ўзрасла больш як у 6 разоў (з 48 да 316).
"Мясцовыя органы ўлады часта перакладваюць свае функцыі на арганізацыі ЖКГ. Працай па прыватызацыі ў іх, як правіла, займаецца адзін спэцыяліст. Пры адсутнасьці кантролю з боку выканкаму і ўзьнікаюць парушэньні. Мы будзем ставіць пытаньне пра неабходнасьць аказаньня мэтадалягічнай дапамогі на ўзроўні аблвыканкаму, кіраўніцтва ЖКГ", - патлумачыла начальніца аднаго з упраўленьняў Камітэту дзяржкантролю Віцебскай вобласьці Натальля Нікіфарава.
Што тычыцца ацэнкі кошту жытла, Ірына Януковіч адзначыла яшчэ адзін чыньнік. "Віцебскі гарвыканкам пры вызначэньні каэфіцыенту якасьці навакольнага асяродзьдзя кіруецца рашэньнем, прынятым у 1992 годзе, у якое дагэтуль ня ўносілася ніякіх зьменаў. Але за гэты час інфраструктура разраслася, у новабудоўлях зусім іншае забесьпячэньне. Ці мэтазгодна ўжываць той састарэлы каэфіцыент?" - адзначыла яна. Падчас сумеснай калегіі "Аб выніках нагляду і кантролю за выкананьнем патрабаваньняў заканадаўства пры прыватызацыі жылых памяшканьняў дзяржаўнага жылога фонду і іншым іх распараджэньні" ўдзельнікі вызначалі шляхі вырашэньня гэтай і іншых праблем. Намесьнік старшыні аблвыканкаму Анатоль Дзівулін падкрэсьліў, што за ігнараваньне патрабаваньняў заканадаўства будзе жорсткі попыт з усіх адказных асоб, кожнага чальца ацэначных камісіяў.
belta.by