За мінулы год значна зьнізілася колькасьць разгляданых судом Віцебскага раёну спраў па ўсіх катэгорыях. Пра гэта, падводзячы вынікі, распавяла старшыня суду раёну Марына Гарохава.
Так, праз суд Віцебскага раёну прайшлі 1410 адміністрацыйных спраў. Самым распаўсюджаным аказалася парушэньне грамадзкага парадку - зафіксавана 388 выпадкаў дробнага хуліганства. Сярод прадпрыемстваў раёну нямала неплацельшчыкаў па абавязковых страхавых узносах або узносаў на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне. 76 разоў «чапляліся» аматары лёгкай нажывы аб «снасьці» закону, тым самым парушаючы правілы вядзеньня рыбалоўства.
Вялікая колькасьць правапарушэньняў, зьвязаных з наўмысным прычыненьнем цялесных пашкоджаньняў і іншымі гвалтоўнымі дзеяньнямі. Па-ранейшаму адной з асноўных прычын канфлікту з законам зьяўляецца расьпіцьцё сьпіртных напояў альбо зьяўленьне ў грамадзкіх месцах або на працы ў стане алькагольнага ап'яненьня, за што 94 асобы панесьлі спагнаньні. У якасьці спагнаньня ў большасьці выпадкаў грамадзяне атрымалі штрафы, адміністрацыйныя арышты, а вось самымі распаўсюджанымі дадатковымі мерамі пакараньня сталі пазбаўленьне спэцыяльнага права і канфіскацыя.
За мінулы год у судзе раёну скончана 1011 грамадзянскіх спраў. Сярод матэрыялаў адмысловай вытворчасьці найбольшую папулярнасьць атрымалі прызнаньне грамадзян абмежавана дзеяздольнымi, прымусовая шпіталізацыя і лячэньне. У лік апошніх трапілі 77 жыхароў Віцебскага раёну, зь іх 60 чалавек атрымалі пуцёўку ў ЛПП. Ільвіную долю загаднай вытворчасьці склалі матэрыялы пра спагнаньне алімэнтаў на непаўнагадовых дзяцей. Скасаваньне шлюбу, устанаўленьне бацькоўства, пазбаўленьне бацькоўскіх правоў сталі лідэрамі па пазовах.
Што тычыцца крымінальных спраў, то іх было разгледжана 215. На першых крымінальных пазыцыях знаходзяцца злачынствы супраць укладу сямейных адносін і інтарэсаў непаўнагадовых, а таксама уласнасьці. Прычым сярод апошняга, напрыклад, прайшлі 70 эпізодаў, зьвязаных з крадзяжамі.
На судовых паседжаньнях дамінуючымі матэрыяламі спраў сталі паўторнае кіраваньне транспартным сродкам у стане алькагольнага ап'яненьня на працягу году, ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Самую строгую меру пакараньня - пазбаўленьне волі - атрымалі 54 падсудных. Умоўна-датэрміновае вызваленьне «зарабілі» 26 чалавек, а 93 грамадзянам замянілі неадбытую частку пакараньня больш мяккай.
З мэтай выхаваўчага і прафіляктычнага ўзьдзеяньня праведзена 39 выязных судовых паседжаньняў. Гэта, на думку Марыны Гарохавай, зьяўляецца дзейсным сродкам забесьпячэньня правільнага і своечасовага вырашэньня спраў, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб.
pridvinje.by