Службы занятасьці Віцебскай вобласьці адзначаюць павелічэньне патоку грамадзян, якія хочуць зарэгістравацца ў чарзе на працаўладкаваньне на тле абвешчанай барацьбы з дармаедствам. Пра гэта паведаміла намесьніца старшыні камітэту па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аблвыканкаму - начальніца ўпраўленьня пэнсійнага забесьпячэньня Натальля Хваль перад пачаткам выніковай калегіі камітэту.
Па выніках 2014 году сытуацыя на рынку працы характарызавалася зьніжэньнем колькасьці тых, хто зьвярнуўся па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні і зьніжэньнем попыту на працоўную сілу (часткова гэта абумоўлена аптымізацыяй штатнай колькасьці арганізацыяў, часткова - запаўненьнем вакансіяў грамадзянамі Ўкраіны). "Але калі цягам мінулага году мы казалі, што колькасьць вакансіяў пераважае над колькасьцю прэтэндэнтаў на іх, то ўжо цяпер колькасьць вакансіяў і прэтэндэнтаў зраўнаваліся. А з улікам таго што ў грамадзтве абмяркоўваецца дэкрэт пра барацьбу з дармаедамі і утрыманцамі, мы ня толькі чакаем, але ўжо адчуваем, што ўсё больш грамадзян прыходзіць рэгістравацца ў службу занятасьці. Мы будзем забясьпечваць даваньне дзяржаўных гарантыяў на працу", - падкрэсьліла Натальля Хваль.
На фінансаваньне мерапрыемстваў па забесьпячэньні занятасьці насельніцтва летась выкарыстана амаль 40 мільярдаў рублёў. У 2015 годзе ставіцца задача працягнуць стымуляваньне эканамічнай актыўнасьці насельніцтва, спрыяньне занятасьці вызваляемых працаўнікоў ва ўмовах аптымізацыі штатнай колькасьці арганізацыяў, павышэньне эфэктыўнасьці выкарыстаньня працоўных рэсурсаў і інтэграцыю ў працоўную дзейнасьць мэтавых групаў насельніцтва.
belta.by