Тэмы сфэры ЖКГ пераважалі 31 студзеня сярод зваротаў грамадзян да старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра Ацясава падчас наўпроставай тэлефоннай лініі. За тры гадзіны на простую лінію паступіла 25 тэлефанаваньняў, было агучана 28 праблемных пытаньняў.
Узьнімаліся тэмы водазабесьпячэньня, прыватызацыі і атрыманьня жытла, добраўпарадкаваньня тэрыторыяў, асьвятленьня вуліцаў, уладкаваньня ходнікаў, рамонту дахаў.
Людзі таксама прасілі паспрыяць вырашэньню праблем са здароўем, скардзіліся на нядобрасумленнасьць прыватных фірмаў і на тое, што на вуліцы ў райцэнтры не працуюць тэлефоны. Некалькі пытаньняў тычыліся дарожнай гаспадаркі, людзі выказвалі заклапочанасьць з прычыны скарачэньня колькасьці рэйсаў аўтобусаў у населеных пунктах Віцебскага раёну, расказвалі пра праблемы з выплатай заробкаў, прасілі дапамогі ў працаўладкаваньні і спагнаньні алімэнтаў, не абышлося і без пытаньняў вызначэньня межаў зямельных участкаў. Адзін з жыхароў абласнога цэнтру паскардзіўся на тое, што ў Віцебску няма вуліцы імя Пятра Машэрава.
Геаграфія зваротаў была таксама досыць шырокай. На простую лінію тэлефанавалі жыхары абласнога цэнтру, Полацка, Лепеля, Наваполацку, Сянно, Талачына, Глыбокага, Дуброўна і Віцебскага раёну.
Падчас тэлефонных зносін грамадзянам былі дадзеныя тлумачэньні. Старшыня абласнога Савету дэпутатаў даў даручэньні адказным асобам і службам па разглядзе агучаных жыхарамі рэгіёну праблемаў з прыняцьцем па іх апэратыўных мер рэагаваньня. Усе пытаньні ўзятыя на кантроль.
БелТА