«Ашуканства і хлусьня сталі звычайнымі ў стасунках паміж простым беларусам і чыноўнікам», – упэўнены віцебскі блогер і праваабаронца Валер Місьнікаў. У сваім блогу ў Жывым часопісе ён на канкрэтных прыкладах паказвае, як працуе дзяржаўная «машына» супраць інтарэсаў простага чалавека. Апошні допіс блогера прысьвечаны працы судовай сыстэмы.
«Для дасягненьня мэты і перамогі над “праціўнікам” кансалідаваліся ўсе катэгорыі службовых асоб: 1) прадстаўнік улады; 2) прадстаўнік грамадзкасьці; 3) асоба, якая выконвае арганізацыйна-распарадчыя абавязкі; 4) асоба, якая выконвае адміністрацыйна-гаспадарчыя абавязкі; 5) асоба, упаўнаважаная на выкананьне юрыдычна значных дзеяньняў», – удакладняе Валер Місьнікаў наконт асобных «вінцікаў» машыны, што спрабуе перамалоць чалавека.
І крок за крокам ён спрабуе паказаць чытачам блогу, як пералічаныя ім катэгорыі службоўцаў падаўляюць «беларусаў, якія захацелі людзьмі звацца, а не бульбашамі, ды мець годны чалавека жыцьцёвы ўзровень існаваньня для сябе і сваёй сям'і».
У ранейшых сваіх допісах у блогу праваабаронца са шматлікімі спасылкамі на заканадаўства і міжнароднае права паказаў, як грамадзяніна ашукваюць міліцыя і нават адвакаты, пакліканьне якіх нібыта палягае ў абароне людзей. Не абмінуў ён сваёй увагай і супрацоўнікаў «Белдзяржстраху». Апошні жа запіс у блогу Валера Місьнікава называецца: «Частка 4. Ашуканства па-судзейску».
Тут за прыклад ён бярэ судовую цяжбу, якая доўжыцца ўжо ня першы год. Ён апісвае, як нейкі грамадзянін Беларусі спрабаваў адстаяць свае правы ў судзе і падаў пазоў супраць адвакатаў.
«Пазоўнік ўжо ведаў з асабістага досьведу, што спрачацца яму аднаму з прафэсійнымі адвакатамі і судзьдзёй – гэта справа прайграная. Таму пісьмовым хадайніцтвам прасіў судзьдзю суда Кастрычніцкага раёну г. Віцебску В.А. Лешчанка дапусьціць у якасьці свайго прадстаўніка для абароны правоў і законных інтарэсаў прадстаўніка па даверанасьці Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці да ўдзелу ў грамадзянскай справе».
«Нягледзячы на рэальныя прававыя і фактычныя абгрунтаваньні хадайніцтва, адказчыкі-адвакаты заявілі пярэчаньне... Адказчыкі-адвакаты наўмысна абгрунтавалі пярэчаньне зьдзеклівым, цынічным абсурдам. А Судзьдзя В.А. Лешчанка адкрыта прыняла і стала на бок адвакатаў, двойчы вынесшы вызначэньне пра адмову ў задавальненьні хадайніцтва пазоўніка аб допуску да ўдзелу ў справе яго прадстаўніка з прафсаюзу работнікаў РЭП».
«У парушэньне патрабаваньня артыкулу 12 ГПК (аб роўнасьці грамадзян перад законам і судом), артыкулу 19 ГПК (аб спаборнасьці і роўнасьці бакоў) судзьдзя стварыла пазоўніку ўмовы, калі пазоўнік адзін, непісьменны ў матэрыяльным і працэсуальным праве, вымушаны быў змагацца зь віцебскай адвакацкай элітай з трох адвакатаў і з судзьдзёй. Гэта значыць, адзін супраць чатырох...»
У такіх варунках справу пазоўнік, вядома, прайграў. Далей – больш: пазоўнікам была пададзеная касацыйная скарга, і «ашукваць пазоўніка ўзялася судовая калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду ў складзе старшыні М.В. Вострыкавай, суддзяў А.І. Федзюкевіча, Н.Ф. Хількевіча». Судовая калегія рашэньне суду першай інстанцыі пакінула безь зьменаў.
Пасьля была наглядная скарга старшыню Віцебскага абласнога суду: старшыня суду Мікалай Хамічонак «аплачаную дзяржаўнай пошлінай наглядную скаргу, што зьмяшчала 37 довадаў пра канкрэтныя парушэньні нормаў права, не разгледзеў нават павярхоўна».
У рэшце рэшт, пазоўнік дайшоў да Вярхоўнага Суду. Намесьнік старшыні ВС Андрэй Забара прыняў рашэньне пакінуць справу без разгляду.
Была пададзеная паўторная наглядная скарга ў Вярхоўны Суд, на якую адказаў ужо Першы намесьнік, Аляксандар Федарцоў: «Ваша скарга пакінутая без разгляду, бо яе тэкст зьмяшчае абразьлівыя словы і выразы... У далейшым у выпадку накіраваньня ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь скаргаў і зваротаў, якія зьмяшчаюць абразьлівыя ці паклёпніцкія выразы на адрас правасудзьдзя або канкрэтных судзьдзяў, ліставаньне з вамі весьціся ня будзе».
«Фактычныя абставіны фармуюць меркаваньне, што ў структуры дзяржаўнай судовай улады з такіх судзьдзяў як С.У. Варатынская, В.А. Лешчанка, М.В. Вострыкава, А.І. Федзюкевіч, Н.Ф. Хількевіч, М.М. Хамічонак, А.А. Забара, А.А. Федарцоў наўмысна створаная вэртыкаль законапарушальнікаў. Менавіта яны зьяўляюцца апазыцыяй дзяржаўнай уладзе і пятай калёнай, бо замінаюць забесьпячэньню законнасьці і правапарадку, процідзейнічаюць усталяваньню прынцыпу вяршэнства права, чым выклікаюць незадаволенасьць усёй судовай уладай, якой, па сутнасьці, для большасьці працоўных і пэнсіянэраў папросту няма», – напісаў Валер Місьнікаў.
І абяцае, што працяг будзе: «Пра тое, якое дачыненьне да законапарушальных судзьдзяў маюць адказныя дзяржаўныя службовыя асобы выканаўчай улады, напішу ў наступным разьдзеле…»