Дагэтуль на 33-х таварна-малочных фермах Віцебскай вобласьці практыкуецца даеньне ў вядро. Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец паабяцаў, што ўжо да пачатку 2013 года такія фермы будуць зруйнаваны альбо мадэрнізаваны.
А быдла з гэтых “дагістарычных” фермаў пераселяць у сучасныя кароўнікі.
Пра гэта Аляксандар Косінец казаў на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам падчас яго рабочай паездкі па Віцебскай вобласьці. Мясьніковіча азнаёмілі з ходам рэканструкцыі чатырох фермаў у Талачынскім раёне.
“Ніякіх прымітыўных тэхналёгій на фермах не мае быць”, – падкрэсьліў Мясьніковіч.
Як паведамляе афіцыйны сайт Савету Міністраў, сёлета на Віцебшчыне падлягае абнаўленьню 228 малочна-таварных фермаў. На 132 фермах усталююць малакаправоды, на 95 зьявяцца даільныя залі, яшчэ на адной усталююць робатазаваны комплекс. Наогул у рэгіёне працуе 850 фермаў, на якіх гадуецца 220,8 тысяч галоў жывёлы. 25 фермаў яшчэ будуюцца.
Мясьніковіч абяцаў, што Віцебскай вобласьці дадаткова будзе выдзелена 200 млрд. рублёў на набыцьцё ў лізінг абсталяваньня для фермаў, якія будуць рэканструяваны.
Як лічаць чыноўнікі, гэтыя меры дазволяць павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і вытворчасьць малака. Пры ўсім пры тым малако ў Беларусі безупынна даражэе.