24 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе разглядаліся касацыйныя скаргі журналістаў і актывістаў, пакараных штрафамі за фатаграфаваньне з птушкамі і клеткамі. Справы шасьці ўдзельнікаў фотасэсіі разьбіралі розныя судзьдзі – Эдгар Марцірасян, Сьвятлана Іванова і Ірына Смалякова, – але вынік іх разбораў аднолькавы: скаргі задаволеныя не былі, рашэньні, прынятыя судом Чыгуначнага раёну, пакінутыя бязь зьменаў.
Судзьдзі абласнога суду не пагадзіліся з аргумэнтамі пакараных, якія сьцьвярджалі, што фотасэсія не зьяўляецца пікетаваньнем або іншым масавым мерапрыемствам, на правядзеньне якога трэба браць дазвол. Таксама не былі ўзятыя пад увагу спасылкі на шматлікія працэсуальныя парушэньні, дапушчаныя судом першай інстанцыі.
«Я не чакаў нічога добрага ад гэтага суду, таму што ведаю, што наша судовая сыстэма створаная не дзеля абароны правоў людзей, а дзеля абароны рэжыму. Таму вынік быў вядомы», – пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі абласнога суду адзін з удзельнікаў фотасэсіі, незалежны журналіст Кастусь Мардзьвінцаў.
Нагадаем, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў Алена Сьцяпанава, Зьміцер Казакевіч, Кастусь Мардзьвінцаў, Алена Шабуня, Павал Левінаў, а таксама актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец на пачатку лістапада сфатаграфаваліся на фоне гарадзкога графіці з птушкамі і клеткамі, зробленымі з паперы. Фотаздымкі былі выкладзеныя ў інтэрнэт. Справай заняліся міліцыянты, якія палічылі ўдзел у фотасэсіі несанкцыянаваным пікетам. На ўдзельнікаў фотасэсіі склалі пратаколы, пасьля яны былі пакараныя штрафамі ў памеры ад 18-ці да 25-ці базавых велічынь.
Яшчэ адзін удзельнік фотасэсіі, выпадковы мінак Пётар Берлінаў, быў пакараны 3-дзённым арыштам. Ён таксама падаваў касацыйную скаргу, якую абласны суд разгледзеў у паскораным парадку раней. Прычым, як сьцьвярджае спадар Берлінаў, павестку з інфармацыяй пра дату і час суду ён атрымаў на наступны дзень пасьля таго, як судовы разгляд яго скаргі ўжо адбыўся. Вынік такі самы: абласны суд прызнаў пакараньне за ўдзел у фотасэсіі справядлівым.