Зварот ад імя больш за 1000 віцебчукоў быў дасланы поштаю у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Таксама лісты былі асабіста перададзеныя ў Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў.
У звароце жыхары выказваюць заклапочанасьць пагаршэньнем якасьці і даступнасьці мэдычнага абслугоўваньня, заклікаюць Віцебскі гарвыканкам выконваць дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя і завяршыць будаўніцтва даўно заплянаваных паліклінік. А таксама тэрмінам у адзін месяц арганізаваць грамадзкія слуханьні па гэтых праблемах з прадстаўнікамі ўсіх структур, якія адказваюць за стан мэдыцыны ў горадзе.
16 сьнежня адбудзецца сэсія, на якой Віцебскія гарадзкія ўлады будуць прымаць бюджэт на 2015 год, калі і стане вядома, ці будзе фінансаваньне будаўніцтва 1-й чаргі паліклінічнага комплексу ў Білева. А вось на паліклініку ў мікрараёне Поўдзень-7 павінна быць, паколькі яно ўжо пачатае.
Пра гэта актывісты форуму "За якасную мэдыцыну ў Віцебску" Тацьцяна Севярынец, Алена Шабуня ды Вадзім Кузьмін даведаліся на сустрэчы са старшынём Віцебскага гарсавету дэпутатаў Міхаілам Партным, галоўным лекарам Цэнтральнай паліклінікі Станіславам Цітовічам ды намесьнікам старшыні гарвыканкаму Ўладзімерам Шломам.
Каб палепшыць магчымасьць жыхарам Білева трапляць у паліклініку №3, дзе для іх адчынена 7 участкаў, Шлома паабяцаў паклапаціцца аб выдзяленьні дадатковага транспарту. А грошы на завяршэньне праектнай дакумэнтацыі комплексу шукаюцца.
"Нам адзначылі, што ў Віцебску нараджальнасьць упершыню за шмат гадоў перавысіла сьмяротнасьць на 211 чалавек. Гэта зьвязваюць з паляпшэньнем якасьці мэдычнага абслугоўваньня. У нас жа якраз па якасьці і былі пытаньні, якія, сфрмуляваныя ў калектыўным звароце ад жыхароў Віцебску, і былі перададзеныя спадару Партному", - паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД па Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец.
"Гутарка доўжылася гадзіну замест выдзеленых паўгадзіны. Шмат пытаньняў было абмеркавана. Зразумела, што ня ўсё так хутка, як хацелася б і патрэбна, будзе вырашана. І хаця спадар Цітовіч настойваў, што хапае і вузкіх спэцыялістаў (адна з галоўных праблем гораду), аднак пасьля асабістай гісторыі Вадзіма Кузьміна вымушаны быў паабяцаць дапамагчы таму трапіць да патрэбнага спэцыяліста. Дзякуй, што хоць камусьці канкрэтная карысьць ад нашай сустрэчы. Адзначым, што гарадзкая прэса з пачаткам кампаніі форуму стала больш увагі надаваць пытаньням мэдыцыны”, - падкрэсьліла яна.
bchd.info