У Полацкім судзе 18 сьнежня а 17:00 распачынаецца разгляд пазову рабочых да наймальніка ААТ «Полацак-Шкловалакно». Рабочыя патрабуюць ад дырэктара забясьпечыць праход на тэрыторыю заводу іх прадстаўніка – старшыні Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава, як таго патрабуе закон аб прафсаюзах. Ужо больш за год дырэктар перашкаджае старшыню прафсаюзу зайсьці ў цэхі да працоўных месцаў сяброў прафсаюзу. У судзе рабочых заводу будзе прадстаўляць Свабодны прафсаюз.
СЛОВЫ рабочых і дырэктара
Работнік заводу, памочнік майстра Мікалай Шарах, зьяўляецца намесьнікам старшыні свабоднага прафсаюзу па Віцебскай вобласьці: «Суд – гэта апошняя інстанцыя, куды мы зьвяртаемся, каб ліквідаваць перашкоды дзейнасьці прафсаюзу. Да гэтага мы зьвярталіся ў вышэйшую інстанцыю – Канцэрн «Белнафтахім», зьвярталіся ў Дэпартамэнт аховы працы, зьвярталіся ў пракуратуру. Усе гэтыя інстанцыі прызнаюць наша права, але ўказаньняў дырэктару выканаць закон аб прафсаюзах не даюць – нібыта гэта не ўваходзіць у іх кампэтэнцыю».
У адным з адказаў пракуратуры ў адрас свабоднага прафсаюзу напісана: «Якіх-небудзь перашкод для наведваньня Вамі прадпрыемства з мэтай правядзеньня маніторынгу ўмоў працы работнікаў пры ўмове пацьвярджэньня паўнамоцтваў прадстаўніцтва прафсаюзу ў адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам у цяперашні час ня маецца». Падпісана – в. а. пракурора Полацкага раёну, дарадца юстыцыі А.Р. Казакевіч.
На сустрэчах з актывістамі Свабоднага прафсаюзу дырэктар заводу «Шкловалакно» кажа так: «Вось калі б пракуратура мне напісала прапусьціць старшыню прафсаюзу на тэрыторыю, я б прапусьціў!»
ЛІЧБЫ І ФАКТЫ аб Свабодным прафсаюзе
На заводзе «Шкловалакно» працуе больш за 4000 работнікаў, прыблізна пароўну мужчын і жанчын. Падчас апошняга выбарачнага апытаньня рабочых праз анкеты практычна ўсе сказалі «Так» на пытаньне: «Ці лічыце вы патрэбным існаваньне Свабоднага прафсаюзу работнікаў ААТ “Полацак-Шкловалакно”?».
Першасная арганізацыя работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» Свабоднага Прафсаюзу Беларускага створаная і зарэгістраваная мясцовым органам улады ў красавіку 1999 году. Яшчэ на заводзе ёсьць пяршоўка праўладнага «Белхімпрафсаюзу», да якога належыць і дырэктар. Адміністрацыя заводу ўсяляк перашкаджае ўступленьню рабочых у Свабодны прафсаюз, вельмі часта начальнікі дзейнічаюць незаконнымі мэтадамі, наўпрост патрабуючы ад рабочых выхаду са Свабоднага прафсаюзу.
Прафсаюзныя ўнёскі ў Свабодным прафсаюзе, як і ў «Белхімпрафсаюзе», складаюць 1% ад заробку, сярэдні заробак на заводзе каля 6 мільёнаў беларускіх рублёў.
Старшыню Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава завода ўжо двойчы звальнялі з прадпрыемства: у красавіку 2004 году і ў сакавіку 2013 году. Цяпер ён выконвае абавязкі на грамадзкіх асновах, знаходзячыся на датэрміновай пэнсіі з 50 гадоў за працу ў шкодных умовах працы на працягу 30 гадоў.
АТМАСФЭРА на заводзе
Цяпер праблематычна рабочаму адкрыта ўступіць у Свабодны прафсаюз, сябры якога сутыкаюцца зь перасьледамі з боку начальства, пазбаўленьнем прэміяльных. Прафсаюз паступова ўкараняе сыстэму выплаты ўнёскаў у абыход бухгальтэрыі заводу, каб начальнікі ня ведалі пра сяброўства рабочага ў Свабодным прафсаюзе. Такая сыстэма выплаты прафсаюзных унёскаў створаная ў эўрапейскіх разьвітых краінах.
Перашкоды рабочым на аб'яднаньне ў прафсаюз прыводзяць да таго, што рабочыя самаарганізуюцца дзеля барацьбы за зарплату. Быў выпадак, калі работніцы адмовіліся працаваць на дадатковым абсталяваньні пры памяншэньні расцэнак. Карыстаюцца рабочыя і старым савецкі мэтадам – калектыўным напісаньнем заяваў на звальненьне. Пры спробах звольніцца на жаданьне рабочага, калі дырэктар не адпускае, рабочыя часта папросту не выходзяць на працу. Усялякія запалохваньні з боку начальнікаў ня вельмі дзейнічаюць на рабочых, на ўсё знаходзяцца свае мэтады процідзеяньня.
Аляксандар Марозаў