Справа тычылася інцыдэнту на ААТ «Полацак-Шкловалакно»: актывісты хацелі атрымаць ад уладаў абгрунтаваны адказ, ці насамрэч на загад кіраўніцтва аднаго з цэхаў у плавільнай печы жыўцом спалілі котку з кацянятамі.
Пра такі выпадак работнікі прадпрыемства распавялі старшыню суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктару Стукаву. Той накіраваў афіцыйны запыт генэральнаму дырэктару Мікалаю Качаноўскаму, а таксама далучыўся да кампаніі электронных зваротаў, якую ініцыявала Алёна Валынец-Чарняева, кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Не — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі».
Паводле яе словаў, электронныя звароты адпраўляліся праз інтэрнэтны сэрвіс zvarot.by адразу ў дзьве інстанцыі — у Полацкі райвыканкам і ў Полацкую гарадзкую пракуратуру:
«Адказы павінны былі прыходзіць да кожнага адрасата індывідуальна. Але прайшлі ўсе тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам, а людзі нічога так і не дачакаліся. Усяго каля 200 чалавек хацелі, каб адказныя структуры правялі праверку і кожнаму далі абгрунтаваны адказ — гэтага патрабуе Закон Рэспублікі Беларусь „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў“. Але звароты 200 чалавек проста праігнаравалі! З такімі паводзінамі чыноўнікаў у сваёй практыцы мы сутыкнуліся ўпершыню!»
Актывіст незалежнага СПБ Віктар Стукаў стаў адзіным, хто дамогся хоць нейкага адказу з райвыканкаму. І тое — толькі пасьля паўторнага звароту праз афіцыйны райвыканкамаўскі сайт:
«Першы электронны зварот я адправіў 15 кастрычніка. Праз тыдні два я зайшоў па сваіх справах у пракуратуру, заадно спытаў, ці хутка мне напішуць адказ. У пракуратуры зьдзівіліся: сказалі, што сыстэма электронных зваротаў у іх не працуе і што звароты, мусіць, акумулююцца ў абласной пракуратуры... Я зразумеў, што з гэтай структуры адказу чакаць безвынікова. Але ж у райвыканкаме гэткая сыстэма ёсьць! Чакаў 30 дзён, належных па законе, і нічога не дачакаўся. Калі часу прайшло ўжо больш за месяц, запытаўся праз форму электронных зваротаў на сайце: дык дзе ж мой адказ на папярэдні зварот? Тут мне нарэшце адказалі лістом. Маўляў, адказ вам ёсьць, і шукайце яго самі на сайце выканкаму ў рубрыцы «Пытаньне — адказ», — апавёў спадар Стукаў.
Адказ, разьмешчаны на сайце, складаецца з аднаго сказу: факты не пацьвердзіліся. На чым грунтуецца гэтае меркаваньне, ці праводзілася праверка на прадпрыемстве, кім яна праводзілася, якія былі вынікі — пра гэта нічога не гаворыцца. На сайце няма ні даты, калі зьявіўся гэткі адказ, ні прозьвішча чыноўніка, які яго напісаў. Пры тым, што закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў патрабуе, каб адказы былі абгрунтаваныя, утрымлівалі поўную інфармацыю і дасылаліся на электронную пошту заяўніка.
Зрэшты, кажа Віктар Стукаў, яшчэ дзьве сотні адпраўшчыкаў не атрымалі і такіх адказаў. Актывіст незалежнага прафсаюзу мяркуе падаць скаргу на дзеяньні полацкіх чыноўнікаў, якія парушаюць заканадаўства. За ігнараваньне зваротаў і парушэньне тэрмінаў разгляду прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць.
Раней у лісьце за подпісам генэральнага дырэктара ААТ «Полацак-Шкловалакно» спадару Стукаву было паведамлена, што на прадпрыемстве праводзілася ўнутраная праверка і сьведак інцыдэнту са спаленымі кацянятамі не знайшлі. Таму адміністрацыя лічыць, што факты не пацьвердзіліся. Аднак праверка кіраўніцтвам прадпрыемства — гэта праверка зацікаўленым бокам, і малаімаверна, каб рабочыя насьмеліліся пацьвердзіць начальству, што бачылі парушэньне. Іншых праверак, у тым ліку з боку пракуратуры, як патрабавалі грамадзяне ў электронных зваротах, па гэтым інцыдэнце так і не праводзілася.
svaboda.org