Міліцыя заўважыла, як барадаты хлопец запусьціў квадракоптар з камэраю непадалёк ад кацельнай «Паўднёвая» ў Віцебску. Праваахоўнікі завезьлі хлопца ў пастарунак.
«Лепш бы я піў і паліў, як той хлопец, што сядзеў побач са мной у Першамайскім РАУС, – піша ў сваім блогу Павал Клімянок. – Супрацоўнік КДБ пасьля доўгіх кансультацыяў праз тэлефон растлумачыў работнікам РАУС, што мне інкрымінуюць два артыкулы адміністрацыйнага кодэксу: «парушэньне паветранай прасторы» ды «пранікненьне на тэрыторыю аб'екту, статус якога мы яшчэ ўдакладнім».
«Што я там спадзяваўся ўбачыць? Ды нічога! Я проста МОГ зазірнуць у трубу. Проста маючы такую магчымасць, яе не рэалізаваць – злачынства супраць свайго ўнутранага дзяцінства», – тлумачыць блогер.
Віцебскае аддзяленьне ўнутраных спраў Першамайскага раёну правярае факт канфіскацыі лятальнага апарату, які «быў зафіксаваны ў стане палёту над рэжымным аб'ектам», – зазначаецца ў адказе віцебскай гарадзкой пракуратуры на зварот Паўла Клімянка.