Гарадзкія эколягі ў бягучым годзе правялі 7250 абсьледаваньняў гарадзкіх тэрыторыяў і суб'ектаў гаспадараньня, 1074 кілямэтры прыдарожных палос аўтамабільных дарог, 156 тэрыторыяў водных аб'ектаў, 106 могілак і 913 тэрыторыяў садаводчых таварыстваў і гаражных каапэратываў. Выяўлена 405 несанкцыянаваных звалак, якія ліквідаваныя. Але на зьмену адным, на жаль, зьяўляюцца іншыя.
Падчас чарговага рэйду эколягі выправіліся на тэрыторыю комплексу культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі (парк у Мазурына).
Зь пешаходных дарожак зьмяталі і зьбіралі лісьце ў пакеты работнікі Кастрычніцкага ЖРЭТу разам з памочнікамі з каледжу лёгкай прамысловасьці. Парк такім чынам рыхтаваўся да зімы. А для адпачывальнікаў пасьля такой прыборкі ў дажджлівае надвор'е будзе ня сьлізка гуляць па асфальтавых дарожках.
Праехаўшы крыху далей, убачылі каля прыпынку «Вэтэран» на пляцоўцы часовага складаваньня сьмецьця пагрузчык, што працуе.
Трактарыст Руслан Цуранаў толькі што загрузіў аўтамабіль бытавымі адходамі і чакаў чарговага.
- За выходныя ў гэтым месцы зьбіраецца столькі сьмецьця, што трэба зрабіць восем рэйсаў, каб вывезьці ўсё, - дзеліцца гаваркі трактарыст.
- Увосень дачнікі вызваляюцца ад назапашаных бытавых адходаў, таму іх так шмат на пляцоўцы, - тлумачыць сытуацыю начальнік гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Валер Фандо і дадае: - Пад гэтую марку відавочна выкідваюць бытавыя адходы і гараджане, якія едуць міма. Няхай, абы не засьмечвалі лесапаркавую зону.
Праехалі далей і ўбачылі несанкцыянаваную звалку непадалёк ад іншага прыпынку - «Улановічы-1».
- Відавочна, нейкі прыватнік напракудзіў. Цяпер паспрабуй знайдзі яго, - робіць здагадку Валер Эдуардавіч. - І галоўнае, мэтрах у ста ад крамы, каб прыкметней было!
Не былі ачышчаныя кантэйнэры ад сьмецьця і на могілках у Мазурына, адны зь якіх належаць спэцкамбінату, другія - спэцаўтабазе. А вось з такім непарадкам, які ўбачылі на ўскрайку лесу па дарозе ў садоўніцкае таварыства «Бібіраўка», даўно не даводзілася сустракацца. Так званая кантэйнэрная пляцоўка была заваленая бытавымі адходамі і ўсякай усячынай.
Утварылася велізарная звалка вышынёй у некалькі мэтраў. Чаго тут толькі не было! Поліэтылен, старая мэбля, сапсаваныя яблыкі і нават плястыкавыя тубы з-пад тонэру для запраўкі картрыджаў... Гэта так «разраслася» стацыянарная кантэйнэрная пляцоўка, зь якой доўгі час не вывозілі сьмецьце. Вось і думай, ці толькі дачнікі пакінулі ўсё гэта «дабро» на фоне надзвычай прыгожага хвойніку! Вінаватыя работнікі Рубаўскага лясьніцтва? Не. Праехаўшы па дарозе, у іншых месцах ляснога масіву ня ўбачылі захламленасьці і сьмецьця.
Галоўны эколяг зьвязаўся з адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну, паведаміў пра месца знаходжаньня несанкцыянаваных звалак. А адміністрацыя ў сваю чаргу павінна даручыць камунальным службам вывезьці адкіды на палігон.
Падумалася вось пра што. Прыбіраем, чысьцім цэнтар, а вось найпрыгажэйшыя месцы вакол Віцебску, якія называюць «лёгкімі гораду», нярэдка застаюцца па-за ўвагай. У першую чаргу тых, хто павінен дбаць пра парадак і чысьціню на даручаных тэрыторыях.
Нібы ў пацьверджаньне гэтых думак, сутыкнуліся вось зь якім фактам. На тле шэрага пэйзажу Валер Фандо раптам заўважыў нешта.
- А вунь там, у яры, бліжэй да могілак, бачыце новаўтвораную звалку?
Пад'ехалі бліжэй. І сапраўды, такая велізарная куча зь лісьця. Звозілі сюды адходы відавочна з парку. Празь нейкі час нашы здагадкі пацьвердзіліся, паколькі на гарызонце зьявіўся трактар з чарговым поўным кузавам лісьця.
Сталі разьбірацца, аказваецца, камунальныя работнікі вырашылі лісьце выкарыстоўваць для кампосту. А гэтае месца выбралі для яго часовага складаваньня. Калі так, то што тут дрэннага? Лісьце перагніе - прыродзе карысьць будзе. Так, напрыклад, робяць менскія эколягі: у парках і сквэрах вырашана не прыбіраць лісьце, каб яно перагнівала і служыла угнаеньнем для дрэў. Такім чынам захоўваецца экалягічны балянс у прыродзе. У нас такое рашэньне не прынятае, але, мабыць, варта падумаць наконт яго мэтазгоднасьці. Бо ў выніку ня церпіць прырода і не марнуюцца бюджэтныя грошы на дастаўку такіх адходаў, як лісьце, на палігон.
Алена Башун, Віцьбічы