Жыхар Воршы Іван Іваноў зьвярнуўся ў адміністрацыю прэзыдэнта са скаргай на судзьдзю суду Аршанскага раёну і гораду Воршы Алесю Дранькову. Вынік звароту: факт "неабачлівасьці" з боку судзьдзі прызнаны Вярхоўным Судом, у дачыненьні да яе прынятыя "меры ўзьдзеяньня".
Нагодай для скаргі стала тое, што адразу пасьля заканчэньня судовага паседжаньня судзьдзя Дранькова разам з прадстаўніком абвінавачаньня па справе накіравалася ў краму, дзе яны куплялі сьпіртное. Іваноў палічыў такія дзеяньні непрацэсуальнымі адносінамі. Надоечы быў атрыманы адказ з адміністрацыі прэзыдэнта:
"Разгледзеўшы Ваш зварот наконт пытаньня непрацэсуальных адносін судзьдзі суду Аршанскага раёну і г. Воршы Драньковой А.А. з начальнікам Магілёўскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Мельнікавым Д.А., паведамляем наступнае.
Вярхоўным Судом па выніках праверкі пацьверджаная прадстаўленая Вамі інфармацыя аб сумеснай паездцы на аўтамабілі і наведваньні крамы судзьдзёй Драньковой А.А. і Д.А.Мельниковым пасьля судовага паседжаньня.
У сувязі з гэтым, пытаньні ўзаемаадносін судзьдзяў з работнікамі праваахоўных органаў, якія прадстаўляюць у судзе бок абвінавачаньня альбо ўдзельнічаюць у складаньні працэсуальных дакумэнтаў, што разглядаюцца ў судох, сталіся прадметам прынцыповага абмеркаваньня судзьдзямі і іншымі супрацоўнікамі суду Аршанскага раёну і г. Воршы.
Дапушчаны факт неабачлівасьці судзьдзі Драньковой А.А. у пазаслужбовых зносінах са службовай асобай інспэкцыі, які склаў пратакол і зьяўляўся стараной па справе пра адміністрацыйнае правапарушэньне, разгледжаны на паседжаньні прэзыдыюму Віцебскага абласнога суду.
Да судзьдзі Драньковой А.А. прыняты адпаведныя меры ўзьдзеяньня, якія, на думку адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнага Суду, зьяўляюцца дастатковымі.
Беручы пад увагу выкладзенае, мяркуем, што падстаў для прыняцьця іншых мер па Вашым звароце з боку адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ня маецца".
Паводле orsha.eu