1 лістапада з нагоды восеньскіх Дзядоў па заведзенай традыцыі шэраг сяброў віцебскіх партыяў, грамадзкіх рухаў і журналістаў з ініцыятывы Барыса Хамайды наведалі грамадзкі мэмарыял Паляі і могілкі, на якіх пахаваныя віцебскія грамадзкія і партыйныя актывісты, якія адышлі ў вечнасьць.
Сымбалічны мэмарыял Паляі, які ўвасабляе месца масавых забойстваў рэпрэсаваных беларускіх грамадзянаў у 30-я гады мінулага стагодзьдзя, стаў першым аб’ектам, на які завіталі неабыякавыя да сваёй гісторыі віцебчукі. Імпрэза пачалося з добраўпарадкаваньня тэрыторыі і аздабленьня крыжоў бел-чырвона-белымі стужкамі. А пасьля ўскладаньня кветак выказаліся тыя, каму было, што сказаць.
Барыс Хамайда, у прыватнасьці, зазначыў, што “надыдзе той час, калі расчыняцца архівы, вывезеныя ў пачатку вайны зь Віцебску”. І ўсё стане вядомым. “Тады мы даведаемся, колькі насамрэч людзей было забіта за права «людзьмі звацца»”.
Сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў працягнуў узьнятую тэму: “Людзі хацелі жыць па-людзку, але крыважэрны сталінскі рэжым асіраціў тысячы сем’яў па ўсёй Беларусі. Паводле непацьверджаных дадзеных толькі ў Віцебскай вобласьці было забіта 36 тысячаў чалавек. І Паляі – гэта адно зь дзесяткаў, а мо' і сотняў месцаў, дзе па сьведчаньнях мясцовых жыхароў энкавэдысты зьнішчалі найлепшых людзей беларускай нацыі”.
Украінка Антаніна Піванос, грамадзянка Беларусі, зьвярнула ўвагу на тое, што на ейнай Радзіме грамадзяне лепей ведаюць сваю гісторыю і лепей шануюць памяць пра мінулае. Нават 9 траўня – гэта ня Дзень вызваленьня Ўкраіны, а ўсяго толькі – Дзень вызваленьня ад нямецка-фашысцкай акупацыі.
Імпрэза завяршылася малітвай за Беларусь. Пасьля чаго ўсе разам прасьпявалі гімн “Магутны Божа”.
Наступным месцам наведваньня сталі могілкі за вёскай Друкава, на якіх пахаваны Ўладзімер Плешчанка. Нечаканасьцю стала вестка пра заўчасную сьмерць сёлета ягонага брата.
Напрыканцы актывісты адведалі Віцебскія гарадзкія могілкі “Копці”, дзе пахаваныя Сяргей Цярэнцьеў, Аляксандар Мудрычэнка, Раман Салаўян, Алена Залеская. Над магілай кожнага зь дзеячаў беларускага адраджэньня, якія адышлі ў іншы сьвет, прагучалі словы ўспамінаў і падзякі за зьдзейсьненае імі на карысьць Бацькаўшчыны. Асабліва шмат добрага прыгадалася ля магілы Алены Залескай, па сапраўднаму інтэлігентнай і цікавай жанчыны, якая ў 1991 годзе пашыла першы ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны пасьля над гарадзкой ратушай, і ўвяла моду на шалікі нацыянальных беларускіх колераў.