Установа грамадзкага харчаваньня ў Паставах пад назвай “СССР” карыстаецца папулярнасьцю ў жыхароў і гасьцей гораду. Сталоўка аформленая ў стылі савецкіх часоў: на сьценах вісяць плякаты той эпохі, партрэты правадыроў. Належыць яна Пастаўскаму спажывецкаму таварыству.
Як паведаміла супрацоўніца гэтай установы, у дзень тут бывае звыш пяцідзесяці наведвальнікаў. Спраўляюць тут таксама карпаратывы. Асаблівай папулярнасьцю карыстаецца сталоўка ў адстаўных афіцэраў, якіх у Паставах шмат, бо за часамі СССР тут разьмяшчаліся ракетная і авіяцыйная часткі.
Комплексны абед каштуе тут прыкладна 30 тысяч рублёў, што і прыцягвае наведвальнікаў. У кнізе скаргаў пакуль амаль няма заўваг і прапаноў, але ў адным з апошніх запісаў наведвальнік прапануе гатаваць “цэпэліны і дранікі зь мясам”. Заканчваецца ж прапанова так: “Калі хочацца жэрці, то давайце жэрці ў вас”. І ўнізе рэзалюцыя начальства: “Прынята да ведама”.
Эўрарадыё