У Воршы-Заходняй прайшла сустрэча жыхароў з прадстаўнікамі ўлады. Ад райвыканкаму Заходнюю наведаў першы намесьнік старшыні Сяргей Пац, а таксама прадстаўнікі аддзелу эканомікі і аддзелу гандлю. Паводле слоў жыхароў, чыноўнікі такога ўзроўню сустракаліся зь людзьмі ў раёне або вельмі даўно, або наогул ніколі. У агульнай складанасьці прыйшлі ў двор дому №5 па вуліцы Чырвонагвардзейскай, які ў гэты дзень стаў пляцоўкай дыялёгу з уладай, каля 70 чалавек. Асноўная тэма сустрэчы - магчымасьць будаўніцтва ў раёне паўнавартаснага гандлёвага цэнтру.
Для мясцовых жыхароў гандлёвы цэнтар - гэта ня толькі камэрцыйны праект, але і сацыяльны, што і было адзначана ў звароце, які падпісалі 47 жыхароў раёну. Ён і стаў прычынай праведзенай сустрэчы. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася першым. Паводле слоў адказных асоб, у раёне ў будучыні можа быць не адзін, а два гандлёвыя цэнтры. Першы заплянаваны ўжо зараз у раёне новай прыватнай забудовы па вуліцы Паркавай (Сельгастэхніка). Другі на просьбу жыхароў Заходняй можа паўстаць у іншым месцы. Чыноўнікі запісалі магчымыя месцы для гандлёвага цэнтру, якія тут жа на месцы прапанавалі жыхары раёну. Гэтыя варыянты цяпер будуць разгледжаныя з пункту гледжаньня нарматываў і прапанаваныя на аўкцыён патэнцыйным інвэстарам.
Далей гаворка пайшла пра іншыя праблемы раёну, якіх назапасілася вельмі шмат. Так, наконт пытаньня закрытага ў раёне аптэчнага шапіка было сказана, што перад прадпрыемствам "Фармацыя" будзе яшчэ раз пастаўленае пытаньне пра аднаўленьне працы аптэкі, а таксама будзе прапрацаванае пытаньне пра перанос аптэчнага шапіка з крамы №4 на тэрыторыю шпіталя.
Што да пытаньня даўно закрытай лазьні, чыноўнікі адказалі, што цяпер рыхтуецца да адкрыцьця (робіцца рамонт) лазьня ў раёне вакзалу, якая раней належала чыгунцы, а цяпер перададзеная гораду. Наконт таго каб лазьню пабудаваць бліжэй да Заходняй, было адзначана, што зараз гэтае пытаньне складанае, але будзе абмеркаваны прапанаваны на месцы варыянт - стварыць лазьню за кошт інвэстара, які займаецца гэткім бізнэсам. Таксама згадвалася пытаньне ўсталёўкі ў раёне банкамату або, прынамсі, інфакіёску. Яно будзе абмеркаванае з прадстаўнікамі "Беларусбанку" і Орса, каб усталяваць яго або ў мясцовым аддзяленьні банку, або ў краме №4.
Былі і больш дробныя, але ня менш важныя пытаньні. У прыватнасьці, жыхары дому, у двары якога і была сустрэча, зьвярнулі ўвагу намесьніка старшыні райвыканкаму на адкрыты каналізацыйны калодзеж, які знаходзіцца на шляху школьнікаў і зь якога тырчаць патэнцыйна небясьпечныя для жыцьця штыры. Калодзеж ужо доўгі час адкрыты, тое што ў яго ніхто дагэтуль не зваліўся - заслуга мясцовых жыхароў, якія самастойна прыкрылі дзірку наколькі маглі. Паводле слоў Сяргея Паца, ужо на наступны дзень тут будуць рабочыя, якія вырашаць пытаньне з гэтым калодзежам.
Паводле orsha.eu