Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праведзены маніторынг выкананьня заканадаўства аб барацьбе з п'янствам і алькагалізмам, аб тэхніцы бясьпекі і ахове працы на аб'ектах будаўніцтва, паведамляе Генэральная пракуратура Беларусі.
У першым паўгодзьдзі 2014 году ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасьці ў Віцебскай вобласьці загінулі 10 чалавек (за аналягічны пэрыяд 2013 году — 18), цяжка траўмаваныя 31 (35). Рост колькасьці загінулых і тых, хто атрымаў цяжкія траўмы ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасьці, адзначаны ў арганізацыях Наваполацку, Чыгуначнага раёну Віцебску, Бешанковіцкага, Верхнядзьвінскага, Лепельскага, Ушацкага і іншых раёнаў вобласьці.
Як адзначаюць у пракуратуры, згодна з дырэктывай прэзыдэнта № 1 "Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны" неабходна няўхільна выконваць патрабаваньні заканадаўства, скіраванага на арганізацыю грамадзкай бясьпекі. Разам з тым падчас наглядных мерапрыемстваў выяўленыя шматлікія парушэньні законнасьці.
Вынікі рэйдавых мерапрыемстваў паказалі, што на аб'ектах будаўніцтва не праводзіліся інструктажы па ахове працы, не выконваўся парадак вядзеньня адпаведных журналаў. Такія парушэньні выяўленыя пракурорамі Глыбоцкага, Чашніцкага, Полацкага, Віцебскага раёнаў.
Склад, устройства і абсталяваньне санітарна-бытавых памяшканьняў для асоб, якія ажыцьцяўляюць будаўнічыя і будаўніча-мантажныя работы, не заўсёды адпавядалі патрабаваньням.
Аб'екты будаўніцтва ў Віцебску, Віцебскім, Браслаўскім, Лёзьненскім, Полацкім раёнах не былі агароджаныя, што стварала ўмовы для крадзяжу маёмасьці. Апроч таго, выяўленыя шматлікія факты ажыцьцяўленьня работ без засьцерагальных касак і мантажных паясоў, іншых неабходных сродкаў індывідуальнай засьцярогі.
У выніку рэйдавых мерапрыемстваў пракурорамі гарадоў і раёнаў кіраўнікам будаўнічых арганізацыяў Віцебскай вобласьці ўнесеныя сем прадстаўленьняў, вынесеныя 32 прадпісаньні, аб'яўленыя тры афіцыйныя папярэджаньні. Паводле вынікаў разгляду актаў пракурорскага нагляду 23 службовыя асобы прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці, пяць — да адміністрацыйнай, адна — да матэрыяльнай.
БелаПАН