Намесьнік пракурора Гарадоцкага раёну Максім Зіновік распавёў пра крадзеж больш за чвэрць мільярду рублёў з заробкаў работнікаў Гарадоцкага прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак праз завышэньне заробкаў. Гэтае крымінальнае злачынства было зьдзейсьненае 49-гадовай бухгальтаркай КУВП «Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак» цягам 23 месяцаў падчас падрыхтоўкі і правядзеньня сьвята працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласьці «Дажынкі-2014» у Гарадку.
Жанчына скрала грошы пры налічэньні і выплаце заработнай платы ў падрадных арганізацыях, якія выконвалі работы па капітальным рамонце жыльлёвага фонду ў раёне. Бухгальтар прадпрыемства за гэты час праз завышэньне ў плацежных даручэньнях сум, якія падлягалі выплаце ёй і работнікам прадпрыемства ў якасьці заработнай платы, выкрала 278 838 000 рублёў.
Распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 210 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьнены ў асабліва буйным памеры). У якасьці пакараньня артыкул прадугледжвае толькі пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю. Цяпер толькі поўнае пакрыцьцё шкоды можа дазволіць раскрадальніцы сустрэць пэнсію на волі.
haradok.info