Надоечы жыхарцы вёскі Лужасна Галіне Жураўлёвай павінны былі прывезьці дровы, замяніць газавы балён, аднак у абодвух выпадках кіроўцы вымушана разварочваліся, а жанчына заставалася ні з чым. Праезд у завулку да дому № 18 па вуліцы М.Лынькова і да суседніх зямельных участкаў аказаўся перакрыты бэтоннымі плітамі, якія 17 верасьня гэтага году выгрузілі будаўнікі (на здымку).
Адстойваць зямлю мясцовым жыхарам прыходзіцца не ўпершыню. Як абвяшчае афіцыйны адказ за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Э.Дзьям'янава аб разглядзе калектыўнага звароту ў рэдакцыю «Советской Белоруссии» наконт пытаньня канфіскацыі зямельных участкаў для будаўніцтва дамоў, квартал шматкватэрнай жылой забудовы ў Лужасна, які складаецца з 4 дамоў, быў распрацаваны УП «Інстытут Віцебсксельбудпраект» у адпаведнасьці з нормамі праектаваньня. Разьмяшчэньне забудовы на згаданай тэрыторыі аблвыканкам палічыў мэтазгодным з пункту гледжаньня кампактнай арганізацыі асяродзьдзя пражываньня і эканомячым значныя сродкі на разьвіцьцё інжынэрна-транспартнай інфраструктуры. Разам з тым, паведамлялася ў дакумэнце, ўлічыўшы шматлікія звароты, на пачатку 2012 году было вырашана адмяніць будаўніцтва двух жылых дамоў з наяўных у праектнай дакумэнтацыі чатырох.
- Я асабіста езьдзіў на прыём да тагачаснага міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Нічкасава як прадстаўнік грамадзкасьці, - распавядае сын Галіны Іванаўны Ўладзімер. - І ў аблвыканкаме нас прынялі, выслухалі, усе патрабаваньні прызналі абгрунтаванымі і пагадзіліся выканаць. Але цяпер на чале ведамства іншы міністар, і там, мабыць, вырашылі, што пра дасягнутыя дамоўленасьці можна забыцца.
Жураўлёвы падкрэсьліваюць, што безь якіх-кольвек узгадненьняў зь мясцовымі жыхарамі на пачатку ліпеня гэтага году было адноўленае будаўніцтва дома і хуценька, без уліку інтарэсаў уласьнікаў зямельных участкаў, складзены новы плян, зь якім забудоўшчык ня даў людзям азнаёміцца да пачатку прац. Паабяцалі, праўда, згаданую дарогу не блякаваць, ды толькі атрымалася з дакладнасьцю да наадварот, і цяпер выключаная магчымасьць праезду ня толькі асабістага аўтатранспарту, але таксама камунальных і аварыйна-выратавальных службаў.
Галіна Іванаўна кажа таксама пра парушэньне права фізычных асоб на спрыяльнае асяродзьдзе пражываньня, якое прадугледжвае іхны ўдзел у горадабудаўнічым плянаваньні разьвіцьця тэрыторыяў, у тым ліку населеных пунктаў (згодна з артыкулам 4 Закону «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь»). Прапанова старшыні Мазалаўскага сельскага савету Леаніда Дубіны пра будаўніцтва часовай дарогі па беразе Заходняй Дзьвіны, на яе думку, не вырашае праблемы, бо гэта магчыма толькі ў вельмі абмежаваных умовах, што дазволіць праехаць толькі легкавіку.
- Мне патрэбны дровы і сена на зіму, газавы балён, пляную куплю будаўнічых блёкаў - усё гэта патрабуе выкарыстаньня грузавой тэхнікі, у тым ліку прычапной, - кажа Г. Журавлева. - Нам не праезд да хаты заблякавалі, а перакрылі дарогу жыцьця.
Здавалася б, дастаткова адсунуць злашчасныя блёкі на паўтара-два мэтры, і пытаньне вырашыцца само сабой. Тым больш, што будаўнікоў прасілі па-добраму прыбраць пліты, але тыя, будучы шараговымі працаўнікамі, без указаньня згары катэгарычна адмовіліся што-небудзь рабіць. Аднак паўстае пытаньне: а хто дазваляў вам класьці сюды пліты, паважаныя будаўнікі? На жаль, няма адказу. Як няма і пашпарту будаванага аб'екту, дзе можна было б даведацца, каму прад'яўляць прэтэнзіі за здарэньне. Прычым побач цяпер будуецца дом, дзе такі пашпарт ёсьць!
Віцьбічы