Пазоў аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да рабочага шклозаводу Віктара Стукава, кіраўніка пяршоўкі незалежнага прафсаюзу, ужо паўтара года адмаўляюцца разгледзець па сутнасьці ў беларускіх судох. Ужо адбылося шэсьць судовых адмоваў у разглядзе пазову аб дыскрымінацыі – ад Полацкага раённага да Вярхоўнага судоў, – хоць у Працоўным кодэксе сказана: «Асобы, якія лічаць, што яны падвергліся дыскрымінацыі ў сфэры працоўных адносін, маюць права зьвярнуцца ў суд з адпаведнай заявай аб ліквідацыі дыскрымінацыі».
Пасьля скаргі рабочых аб дыскрымінацыі і парушэньні Указу ў адміністрацыю прэзыдэнта, для адказу рабочым скарга была перапраўленая ў Міністэрства працы, якое настойвала, што гэтая працоўная спрэчка павінна разглядацца ў судзе. Рабочым была зробленая спроба разгледзець працоўную спрэчку па наноў адкрытых абставінах, бо скончыўся тэрмін паўнамоцтваў камісіі па калектыўных перамовах заводу «Полацак-Шкловалакно», якая магла зьмяніць калектыўную дамову. Але суды ўпарта адмаўляюцца разгледзець пазоў аб дыскрымінацыі ў працоўных адносінах.
Нават калектыўны зварот працоўных заводу «Шкловалакно” ў Канстытуцыйны суд у лістападзе 2013 году са скаргай на дыскрымінацыю не падзейнічаў. Канстытуцыйны суд ня стаў разглядаць нормы калектыўнай дамовы ААТ «Полацак-Шкловалакно» на адпаведнасьць Канстытуцыі. Рабочыя лічаць, што ў калдамове парушаныя не толькі Працоўны кодэкс Беларусі, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, але і Ўказ Прэзыдэнта аб роўных сацыяльных гарантыях для працоўных адной прафэсіі, а таксама міжнародныя забавязаньні краіны па выкананьні правоў грамадзян.
Судовая калегія Віцебскага абласнога суду таксама адмовіла Віктару Стукаву ў задавальненьні ягонага хадайніцтва аб ініцыяваньні звароту ў Канстытуцыйны суд наконт неадпаведнасьці калектыўнай дамовы Канстытуцыі Беларусі. Чаго тады вартыя словы Канстытуцыі: «Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны»?
Рабочыя заводу не спыняюць барацьбы за свае правы і законныя інтарэсы. Зараз скарга спадара Стукава разглядаецца ў Віцебскай абласной пракуратуры ў парадку нагляду. У абавязкі пракуратуры ўваходзіць сачыць за выкананьнем правоў грамадзян у іх адносінах з рознымі арганізацыямі. Пракуратура прадстаўляе дзяржаву, а «Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі забавязаньнямі дзяржавы», – гаворыцца ў Канстытуцыі Беларусі...