Дзеля дапамогі вымушаным мігрантам з Украіны ў Віцебску створаная валянтэрская суполка «УКантакце», якая супрацоўнічае з абласной арганізацыяй Чырвонага Крыжа. Назва суполкі - «Беларусь. Дапамога ўцекачам Віцебск Віцебская вобл.», яе мэта - падтрымка перасяленцаў з Украіны, якія прыехалі ў Віцебскі рэгіён. У суполцы разьмяшчаюцца паведамленьні як ад саміх украінскіх грамадзян, накшталт «Маладая сям'я ўцекачоў з Данецку прыме ў дар ўсё неабходнае для жыцьця! Жывем недалёка ад Воршы, Межава, хатку далі зусім пустую», так і ад беларусаў, якія прапануюць канкрэтную дапамогу.
Інфармацыя правяраецца на дакладнасьць. Супольнасьць каардынуе дабрачынную дзейнасьць нашых суграмадзян, каб даць старт сем'ям з Украіны, падтрымаць іх, пакуль яны не ўладкуюцца на працу і не атрымаюць першую зарплату. З гэтай мэтай створаная адмысловая анкета, запоўніўшы якую можна стаць валянтэрам і паказаць, чым канкрэтна ты можаш дапамагчы (вопраткай, сродкамі асабістай гігіены, прадметамі ўжытку, пасьцельнай бялізнай, мэбляй і г.д.). Надоечы суполкай запушчаная дабрачынная эстафэта сярод грузаперавозчыкаў, бо досыць часта трэба даставіць перасяленцам буйнагабарытныя рэчы.
Паводле vitvesti.by