Аддзел ідэалёгіі Віцебскага аблвыканкаму праінфармаваў рэдакцыі мясцовых газэтаў, хто з супрацоўнікаў зьяўляецца сябрам БАЖ, а хто толькі зьбіраецца ўступіць у «непажаданую» арганізацыю. Асобных журналістаў выклікалі ў аблвыканкам для тлумачэньняў наконт сяброўства ў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Калегі сышліся на думцы, што няйнакш гэтая цікаўнасьць зьвязаная з будучымі выбарамі.
Пад увагу «ідэолягаў» найперш трапілі ўдзельнікі сяброўскай сустрэчы віцебскіх журналістаў, якая прайшла напрыканцы мінулага году. На ёй прысутнічалі і сябры БАЖ, і проста калегі-журналісты.
«Аднак у аблвыканкаме, здаецца, "залічылі" ў БАЖ усіх без выключэньня, – распавядае журналістка Алена Сьцяпанава. – Прынамсі, мне тэлефанавалі некалькі чалавек, якія сябрамі грамадзкага аб'яднаньня "БАЖ" ніколі не зьяўляліся, але сказалі, што папрокі атрымалі і яны. Кагосьці папярэджвалі наконт небясьпекі ўступленьня ў "непажаданую" арганізацыю, кагосьці ўшчувалі за ўдзел у "непажаданым сходзе" напярэдадні Новага году. Калегам давялося тлумачыць, што зьбіраліся яны не на сход, бо ў Віцебску няма асобнай гарадзкой філіі ГА "БАЖ". І што гэта была звычайная перадсьвяточная сяброўская сустрэча за гарбатай, дзе людзі дзяліліся сваімі плянамі, размаўлялі пра нейкія прафэсійныя праблемы, а потым слухалі сьпевы Георгія Станкевіча, барда зь Бешанковічаў».
Раней падобныя сустрэчы ніякай цікаўнасьці ў аддзелу ідэалёгіі аблвыканкаму не выклікалі. Сяброўствам у ГА «БАЖ» асабліва не папракалі нават журналістаў дзяржаўных выданьняў. Іншая справа, што сачылі за дзейнасьцю незалежных журналістаў: прыкладам, у мінулым годзе абласная пракуратура вынесла папярэджаньне за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі журналісту Ўладзімеру Жыгулову, пазалетась такое папярэджаньне атрымала Алена Сьцяпанава. У 2013 годзе супраць журналісткі была ініцыяваная адміністрацыйная справа паводле такога ж абвінавачаньня, але суд адмовіўся разглядаць справу, палічыўшы сабраныя матэрыялы недастатковымі.
Сёлета яшчэ некалькі віцебскіх журналістаў выказалі жаданьне далучыцца да БАЖ. Менавіта гэтай акалічнасьцю, а таксама тым, што наперадзе – мясцовыя выбары, якія будуць асьвятляць як дзяржаўныя, так і незалежныя СМІ, калегі тлумачаць жаданьне аблвыканкаму кантраляваць сяброўства ў гэтай арганізацыі. А па магчымасьці – наогул не дапусьціць павелічэньня колькасьці сябраў БАЖ у Віцебску.
Праваабарончы цэнтар «Вясна»