Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Валер Місьнікаў ад імя прафсаюзнай арганізацыі зьвяртаўся да старшыні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да судзьдзі Чыгуначнага райсуду Віцебску Сьвятланы Варатынскай. Сьледчы камітэт ня стаў разглядаць заяву і выносіць працэсуальны дакумэнт, прадугледжаны КПК, а адказаў адпіскай, у якой начальнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзян С. Тухто паведаміў спадару Місьнікаву, што зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.
У заяве ў Сьледчы камітэт адзначалася, што судзьдзя Варатынская, разглядаючы пазоўныя заявы сябраў прафсаюзу РЭП супраць наймальніка, парушыла шэраг артыкулаў грамадзянска-працэсуальнага кодэксу і закону РБ «Аб прафэсійных саюзах». Прафсаюз угледзеў у дзеяньнях судзьдзі наяўнасьць прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага артыкуламі 190 (парушэньне раўнапраўя грамадзян), 395 (фальсыфікацыя доказаў) і 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, таму і была складзеная заява ў Сьледчы камітэт.
Сьледчы камітэт наогул ня стаў разьбірацца ў абгрунтаванасьці прэтэнзіяў да судзьдзі. Цікава, што адказ Сьледчага камітэту быў накіраваны не на адрас прафсаюзу, на фірмовым блянку якога была аформленая заява, а на хатні адрас прафсаюзнага юрыста. Прычым заява была разгледжаная ў адпаведнасьці не з крымінальна-працэсуальным кодэксам, а чамусьці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Валер Місьнікаў кажа, што зварот ягонага прафсаюзу ў Сьледчы камітэт – не адзінкавы выпадак на Віцебшчыне і ў краіне, калі нехта просіць прыцягнуць да адказнасьці судзьдзяў. Яму вядома пра факты зваротаў грамадзян у пракуратуру і Сьледчы камітэт з заявамі аб узбуджэньні крымінальных спраў наконт грамадзка-небясьпечных дзеяньняў, учыненых судзьдзямі. Але ўсе звароты пакідаюцца без належных працэсуальных дакумэнтаў: «На зварот не даецца адказ, які прадугледжаны КПК, а менавіта не даецца пастанова. Пішуцца паведамленьні, тлумачэньні, адпіскі, але ні ў якім разе не вырашаецца пытаньне так, каб потым адказ можна было абскардзіць у судовым парадку».
«Цягам доўгага часу Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці ня можа дагрукацца да Сьледчага камітэту наконт пытаньня ўзбуджэньня крымінальнай справы ў дачыненьні да судзьдзі, якая сьвядома вынесла незаконнае вызначэньне. На абарону судзьдзі ўсталі абсалютна ўсе дзяржаўныя адказныя службовыя асобы: пракуроры, Сьледчы камітэт. І нават зварот у адміністрацыю прэзыдэнта выніку ня даў», – распавёў юрыст прафсаюзу РЭП.
«Тыя службовыя асобы, які пакрываюць судзьдзяў, самі падпадаюць пад дзеяньне крымінальнага закону. Таму ў адносінах да іх ужо пастаўленыя пытаньні перад кампэтэнтным ворганам аб узбуджэньні крымінальных спраў за парушэньні імі законаў Рэспублікі Беларусь і Канстытуцыі. Гэтыя парушэньні спрычыніліся да парушэньня правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб», – паведаміў Валер Місьнікаў.
Віцебская Вясна