Вольга Гайдукова, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ актывіста, апавяла са словаў адваката, што 22 лістапада сына дапытваў сьледчы. Паводле спадарыні Гайдуковай, Андрэй дагэтуль не атрымаў лістоў з дому, і да сваякоў не дайшлі лісты, адпраўленыя ім. Зь першага дня затрыманьня Андрэй Гайдукоў напісаў дахаты тры лісты, кажа маці.
Вольга Гайдукова: «Гэта мы ведаем са словаў адваката. Але ніводнага ліста мы не атрымалі. Магчыма, ён напісаў нешта такое, што не прапусьціла цэнзура. Ведаем, што і нашы лісты ён не атрымаў — дайшла толькі паштоўка ад сястры. Але што мяне радуе, — гэта тое, што праз адваката Андрэй перадаў просьбу наконт сваёй вучобы, каб для яго перадалі кантрольныя работы. Гэта мяне ўсьцешыла. Значыць, у яго ёсьць пляны на будучыню, і ён не адчайваецца. Турбуе яшчэ ягонае здароўе. Адвакат кажа, што выглядае ён няблага. Адно што ў СІЗА КДБ дужа халодна, і я баюся, каб ён не захварэў».
«Усе даведкі я сабрала, але ў мяне засталіся толькі копіі. Арыгіналы я аддала адвакатцы, якая пісала заяву, каб Андрэю зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Тут цяпер зноў патрабуюць арыгіналы. А што да зьмены меры стрыманьня, дык цяперашні адвакат — а гэта ўжо трэці адвакат, які абараняе сына, — гаворыць, што спадзявацца на гэта амаль безнадзейна. Але перакананая, што Андрэй ніколі не рабіў таго, у чым яго вінавацяць».
Паводле заявы «Эўрапейскай Беларусі», насамрэч Андрэй Гайдукоў быў затрыманы за распаўсюд газэты «Хартыя’97». Ягоная маці таксама пацьвярджае, што сын распаўсюджваў нейкія газэты, але гэта было даўней. Падчас ператрусу, які супрацоўнікі КДБ правялі ў актывіста дома 8 лістапада, ніякіх газэт не знайшлі, і забралі толькі два кампутары і мабільныя тэлефоны.
Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі», палітычны ўцякач Зьміцер Бандарэнка пацьвердзіў, што арыштаваны 8 лістапада жыхар Наваполацку Андрэй Гайдукоў супрацоўнічаў з «Эўрапейскай Беларусьсю». У прыватнасьці, Гайдукоў распаўсюджваў газэту «Хартыя’97». Вось што паведаміў Зьміцер Бандарэнка:
«Грамадзянскай кампаніяй „Эўрапейская Беларусь“ наладжаны распаўсюд газэты „Хартыя’97“ на тэрыторыі Беларусі. Гэта такі інтэгральны праект, у якім удзельнічаюць розныя арганізацыі моладзі і ня толькі. Нам дакладна вядома, што ў дзень, калі быў арыштаваны Андрэй Гайдукоў, ён атрымаў 2 тысячы асобнікаў газэты „Хартыя’97“ для распаўсюду ў Віцебскай вобласьці. І ў гэты ж дзень ён быў арыштаваны. Мы ведаем, што КДБ вельмі цікавяць справы гэтак званага шпіянажу. За гэта супрацоўнікі КДБ атрымоўваюць зорачкі на пагонах і падвышэньне на службе. Для іх гэта вельмі цікавая тэма».
Тым часам, у КДБ не камэнтуюць заяву аб «сапраўдных прычынах» затрыманьня Гайдукова. «Без камэнтароў, наогул», - кажа прэс-сакратар дзяржбясьпекі Аляксандар Антановіч. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Гайдукоў падазраецца не ў распаўсюдзе нелегальнай друкаванай прадукцыі, а ў «здрадзе дзяржаве» і быў затрыманы «ў момант закладкі тайніка зь цікавымі для замежных спэцслужбаў зьвесткамі«. Супраць Андрэя Гайдукова распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 356 «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці».
Лідэр незарэгістраванага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў 21 лістапада на паседжаньні круглага стала па справе Гайдукова паведаміў, што затрыманага па абвінавачваньні ў здрадзе дзяржаве супрацоўнікі КДБ раней папярэджвалі пра магчымыя непрыемнасьці ў сувязі зь яго грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Паводле словаў Канстанцінава, з Гайдуковым ён пазнаёміўся летам 2011 году падчас «маўклівых акцыяў пратэсту».
«Гайдукоў - вельмі разьвіты і адукаваны малады чалавек, ён цікавіўся палітыкай. Тады ён далучыўся да нашай арганізацыі і стаў маім намесьнікам. Дзякуючы яму наша структура была прынята ў Нацыянальную пляцформу Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства. Ён падтрымліваў кантакты са шмат якімі арганізацыямі як унутры Беларусі, так і за яе межамі», - паведаміў Канстанцінаў. Ён адзначыў, што пад час выбараў 2010 году Гайдукоў працаваў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. «А пасьля 19 сьнежня 2010 году мы зь ім займаліся арганізацыяй салідарнасьці з палітвязьнямі», - адзначыў Канстанцінаў.
Непрыемнасьці ў Гайдукова пачаліся пасьля таго, як аб’яднаньне “Саюз маладых інтэлектуалаў” пачало падрыхтоўку да рэгістрацыі арганізацыі. «Мы меркавалі зарэгістраваць міжнародную моладзевую арганізацыю па культуры і культурных абменах у Беларусі, калі не атрымаецца ў нашай краіне - дык за яе межамі. З гэтай нагоды Гайдукоў вёў перамовы з расейскімі юрыстамі, якія рыхтавалі пакет дакумэнтаў - мабыць, для таго, каб зарэгістраваць арганізацыю ў Расеі. Мы таксама плянавалі ўступіць у кантакт з польскімі і амэрыканскімі моладзевымі арганізацыямі, але толькі плянавалі - ніякіх дзеяньняў з гэтай нагоды не рабілі», - паведаміў Канастанцінаў.
«Пасьля таго як мы пачалі рыхтаваць дакумэнты на рэгістрацыю, Гайдукоў паведаміў мне, што да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ і далі зразумець, што рэгістрацыя гэткага грамадзкага аб’яднаньня непажаданая, яны прапанавалі адмовіцца ад гэтай ідэі, пагражаючы непрыемнасьцямі. Тады я прапанаваў Гайдукову згарнуць дзейнасьць па рэгістрацыі, але Андрэй не пагадзіўся спыніць гэты працэс», - распавёў Канастанцінаў.
Тое, што КДБ пагражаў Андрэю Гайдукову непрымнасьцямі ў сувязі зь ягонай грамадзкай дзейнасьцю, пацьвердзіла і маці актывіста. Вольга Гайдукова: «Некалькі разоў гэта было, неаднойчы. Сын потым пачаў нас берагчы, нашы з бацькам нэрвы, і папросту ўжо не распавядаў нічога. Але я ж дарослы чалавек, я разумею, куды ён ўлазіць. Палітыка — гэта справа такая… Альбо пры ўладзе, альбо ў… Я, як кожная маці, ня тое, каб не падзяляю яго меркаваньняў, проста перажываю. У нас з бацькам сваё стаўленьне да дзейнасьці сына, у яго сваё. Хацелася Андрэя абараніць ад усяго вось гэтага. Але не атрымалася. Шмат разоў сына папярэджвалі. Далёка не адзін. Калі апошні раз зь ім размаўлялі перад затрыманьнем, я ня ведаю. Ён нам у нейкі момант проста перастаў расказваць».
Вольга Гайдукова кажа пра затрыманьне: «Я думаю, што гэта стопрацэнтная правакацыя, альбо нейкі падкоп. Калі б яго не папярэджвалі шматразова, маўляў, адмоўся, сыдзі. Прыходзілі ва ўнівэрсытэт і прасілі, каб сына завалілі на іспытах. На завод прыходзілі на працу да яго. Яго шмат разоў папярэджвалі. Мне, вядома, ня ў радасьць, што ён не адмовіўся ад сваіх перакананьняў. Самі бачыце, чым гэта скончылася. Адзінае, што супакойвае — гэта ягоны выбар. Ён не адмовіўся ад сваіх перакананьняў. Сыну абяцалі праблемы. Тое, што яны будуць такімі — мы ніяк не чакалі».
Паводле Радыё Свабода, “Беларускага партызана”, Навіны.by, “Нашай Нівы”