4 траўня ў кватэры Дубровенскага актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Чамуракі прайшоў ператрус, канфіскаваны ноўтбук і сыстэмны блёк кампутара. Адначасова другая брыгада, якая складалася з двух мясцовых супрацоўнікаў і аднаго зь Віцебску ў цывільным, апісала маёмасьць у доме, дзе пражывае маці актывіста. У жанчыны, інваліда 2-й групы, падскочыў ціск, ёй выклікалі хуткую.
Міхаіл Чамурака паведаміў, што 4 траўня а 15 гадзіне ў кватэру, дзе ён пражывае зь сям'ёй, прыйшлі трое: участковы міліцыянт у форме Сяргей Пучкоў, супрацоўнік мясцовага РАУС у цывільным Віталь Ходзікаў і яшчэ адзін чалавек у цывільным зь Віцебску. Зь імі былі яшчэ двое незнаёмых гаспадарам людзей, якіх супрацоўнікі прывялі з сабой і прадставілі ў якасьці панятых.
Міхаілу прад'явілі дакумэнт, зь якога вынікала, што ператрус праводзіцца ў сувязі зь вядзеньнем крымінальна-працэсуальных дзеяньняў паводле арт. 188, ч. 2 і арт. 369 КК РБ. Сказалі, што ладзіцца праверка заявы дубровенскага пракурора Пацеева пра абразу яго Міхаілам Чамуракам ў сетцы «Аднаклясьнікі».
Супрацоўнікі органаў канфіскавалі наўтбук і сыстэмны блёк кампутара. Прычым у ноўтбуку зьмяшчаецца ўся неабходная Міхаілу для працы інфармацыя, у тым ліку дамовы з контрагентамі, электронны подпіс да банкаўскага рахунку – Міхаіл зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і вядзе гаспадарчую дзейнасьць. Ён паведаміў пра гэта супрацоўнікам, але ўзяць патрэбную інфармацыю яму не дазволілі.
Міхаіл таксама папярэдзіў супрацоўнікаў, што ўласьнікам наўтбуку зьяўляецца яго маці, аднак гэта таксама іх не спыніла.
Супрацоўнікі склалі пратакол канфіскацыі, аднак забралі яго з сабой, не пакінуўшы гаспадарам ані яго копіі, ані якога-небудзь іншага дакумэнту пра тое, што яны наогул тут былі і нешта забіралі.
Міхаіл зафіксаваў іх на відэа, у прыватнасьці – як яны складаюць пратакол апытаньня і пратакол канфіскацыі.
Супрацоўнікі заявілі, што гаспадары ня маюць права весьці здымку. Калі ж Міхаіл з жонкай не пагадзіліся з гэтым, віцебскі супрацоўнік у цывільным удакладніў: «Вы здымаеце пра мяне. Калі гэтая інфармацыя будзе разьмешчаная недзе, у нейкія сеткі, то могуць быць наступствы. Я вас папярэдзіў...»
Адначасова – літаральна ў тую самую хвілю – ператрус распачаўся і ў доме, дзе пражывае маці актывіста. Сталая жанчына знаходзілася дома адна. У яе падскочыў ціск, яна ня памятае ні што канфіскавалі, ні што яна падпісвала. Паводле дачкі, якая прыйшла пазьней, пэнсіянэрку пасьля перанесенага стрэсу і прыніжэньня літаральна трэсла. Паводле яе словаў, наведнікі корпаліся ва ўсіх яе асабістых рэчах, нават у макаронах (!). Яна – інвалід 2-й групы, у яе тры перанесеныя анкалягічныя апэрацыі, цукровы дыябэт, катаракта, стэноз аорты, ёй нельга хвалявацца! Ціск не зьніжалася нават пасьля патройнай дозы лекаў, дык што дачка мусіла выклікаць ёй хуткую дапамогу.
У ейным доме пабывалі мясцовыя супрацоўнікі Машукоў і Стамбронік, таксама ўзмоцненыя трэцім – віцебскім ў цывільным. Мабыць, падставай для гэтага сталася тое, што яе сын Міхаіл афіцыйна прапісаны тут. Акрамя ператрусу, яны таксама – паводле словаў маці – правялі вопіс маёмасьці, якая знаходзілася ў доме.
Паводле супрацоўнікаў, якія праводзілі ў яго ператрус, Міхаіл зразумеў, што гэта – вынік публікацыяў у яго акаўнце ў «Аднаклясьніках», у якіх ён нібыта наносіць абразы мясцовым чыноўнікам.
У чым выяўляліся абразы, Міхаіл і яго жонка не разумеюць. Яны ведаюць толькі, што ўсе іх праблемы зь міліцыяй – калі іх затрымалі 25 сакавіка і Міхаіла ўтрымлівалі 7 гадзін у РАУС, каб яны не маглі трапіць у Менск на дазволенае (!) сьвяткаваньне Дня Волі; калі пасьля гэтага намякнулі яго жонцы Людміле, што яна ня зможа больш нармальна працаваць ў пазаведамаснай ахове, і ёй давялося напісаць заяву паводле пагадненьня бакоў; калі на заяву Міхаіла Чамуракі пра ўзлом іх машыны міліцыя адпісалася, што «няма складу злачынства», – усё гэта пачалося пасьля таго, як Міхаіл пачаў праяўляць палітычную і грамадзянскую актыўнасьць у сетцы. Ён быў назіральнікам ад АГП на мясцовых выбарах, публікаваў фота паразьбіваных дарогаў Дубровенскага раёну з пытаньнем пра тое, куды сыходзяць падаткі грамадзян, нататкі пра разбурэньне прадпрыемстваў раёну, у прыватнасьці малочна-таварных комплексаў, фотафакты парушэньняў ПДР з боку супрацоўнікаў ДАІ, відэа з судоў над палітычнымі актывістамі...
У суботу, 5 траўня, Людміла Чамурака наведала РАУС і занесла сваю заяву (менавіта яна зьяўляецца ўласьніцай канфіскаванага сыстэмнага блёку) і заяву маці, уласьніцы наўтбуку. Яны зьвярнуліся да начальніка РАУС, каб ім далі копію акту канфіскацыі тэхнікі. Пры гэтым у РАУС ім сказалі, што канфіскаваная тэхніка знаходзіцца ў Віцебску.
ucpb.org