Прычыну адмовы арганізатары імпрэзы патлумачылі адсутнасьцю ў іх грошай, якія запатрабавалі міліцыянты за паслугі па ахове правапарадку падчас мітынгу.
Адзін з заяўнікаў акцыі, Канстанцін Смолікаў, атрымаў дазвол на яе правядзеньне ад адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску. Сьвяточны мітынг меркавалі правесьці апоўдні 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.
Галоўная ўмова для атрыманьня дазволу на масавыя акцыі сфармуляваная ў рашэньні Віцебскага гарвыканкаму № 881. Гэта наяўнасьць папярэдніх дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемства работнікамі ЖКГ, лекарамі і міліцыяй. Упершыню за 10 год усе адпаведныя структуры пагадзіліся заключыць дамовы на аказаньне платных паслуг. Аднак абласная ўправа МУС запрасіла надта вялікую суму – 582 рублі – за ахову правапарадку падчас мітынгу сіламі 10-ці супрацоўнікаў міліцыі.
Паводле Канстанціна Смолікава, такіх грошай у заяўнікаў няма.
«Як напісана ў дамове, заплаціць міліцыянтам за працу мы павінны да 22 сакавіка. Сума, якую яны запыталі, амаль у 10 разоў большая, чымся аплата паслугаў мэдыкаў. Тыя прасілі ўсяго каля 70-ці рублёў. У нас няма магчымасьці сабраць грошы за пару дзён, таму мы параіліся і вырашылі адмовіцца ад правядзеньня імпрэзы ў заплянаваным фармаце мітынгу», – паведаміў спадар Смолікаў.
Цяпер віцебскія актывісты разважаюць, у якім яшчэ фармаце можна годна адзначыць гістарычную дату. Дарэчы, як раней паведамлялася, актывіст Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Кійко таксама зьвяртаўся да мясцовых уладаў па дазвол на сьвяточную акцыю – на шэсьце па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерду да помніка пісьменьніку-земляку Ўладзімеру Караткевічу. Там, каля помніка, актывіст таксама хацеў зладзіць мітынг.
Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну гораду забараніла праводзіць шэсьце і мітынг на той падставе, што спадар Кійко не далучыў да заяўкі неабходныя дамовы.
Паводле БС, svaboda.org