Праверку дзейнасьці т.зв. Генэральнага савету па стварэньні грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу» на прадмет парушэньня яго лідэрамі артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу ладзіць Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Калі ў выніку будзе выяўлена, што прыхільнікі «Сумленнай улады» зьдзейсьнілі злачынства, прадугледжанае згаданым артыкулам КК, ім пагражае пакараньне штрафам, арыштам ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да 2-х гадоў.
Ініцыятарамі праверкі зьяўляюцца Мін'юст і аблвыканкам. Адпаведныя паперы паступілі ў РАУС Кастрычніцкага раёну зь Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў. У межах праверкі старшыня «Генэральнага савету» Пётар Іваноў ужо двойчы выклікаўся ў міліцыю, дзе даў тлумачэньні. Таксама ад актывіста запатрабавалі дакумэнты пра ўтварэньне і дзейнасьць савету.
На заўвагу спадара Іванова, што праект статуту міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу» ёсьць у інтэрнэце ў адкрытым доступе, старшы лейтэнант міліцыі Сяргей Веракса заявіў, што яму патрэбныя дакумэнты на папяровым носьбіце. У выніку міліцыянты атрымалі ў карыстаньне ня толькі праект статуту стваранага грамадзкага аб'яднаньня на 25-ці старонках, але таксама «Палажэньне аб Генэральным савеце» , пратакол і парадак дня сходу, на якім савет быў утвораны, ды іншыя паперы.
«Упэўнены, што ў службовай дзейнасьці беларускіх міліцыянтаў будзе толк і вялікі прагрэс, калі іх абавяжуць вывучыць праект статуту стваранага міжнароднага аб'яднаньня «За сумленую ўладу» і здаць па ім залікі», – з гумарам адзначыў Пётар Іваноў у адной са сваіх публікацыяў у сеціве.
Паводле Пятра Іванова, ніхто з прыхільнікаў «Сумленнай улады» ня дзейнічаў ад імя незарэгістраванай арганізацыі. «Мне вядомыя нормы артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, таму ні я, ні іншыя 11 сяброў Генэральнага Савету па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «за Сумленную ўладу» не вядуць дзейнасьць ад імя... аб'яднаньня, а прадстаўляюцца сябрамі Генэральнага савету па яго стварэньні», – такое тлумачэньне даў актывіст міліцыянтам.
Цяпер прадстаўнікі дзяржавы мусяць разабрацца, ці адпавядаюць рэчаіснасьці словы Пятра Іванова, і ці ня ёсьць сам «Генэральны савет па стварэньні» той незарэгістраванай арганізацыяй, удзел у складзе якой падпадае пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу.
Генэральны савет па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу» быў утвораны ў Віцебску ў лютым 2014 году. Згодна з «Палажэньнем аб Генэральным савеце», гэты савет утвараецца з грамадзян Беларусі і Расеі (Пётар Іваноў – грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі). Паводле Іванова, у склад савету ўваходзяць 12 сяброў.
Публічная дзейнасьць сяброў савету палягае збольшага ў разьмяшчэньні артыкулаў на сайце «Свабодны рэгіён» за подпісам Пятра Іванова і ягоных паплечнікаў, дзе яны прапагандуюць ідэю «Сумленнай улады», якую называюць «боскай». Таксама актывісты займаюцца напісаньнем зваротаў у розныя дзяржаўныя органы і ўстановы, у якіх, як і ў артыкулах на згаданым сайце, заяўляюць пра сябе як пра сяброў «Генэральнага савету».
Кастусь Дзьвінскі