10 сакавіка на судовым паседжаньні ў Наваполацку была разгледжаная адміністрацыйная справа сябра БСДП Аляксея Жалнова (Мілюкова), абвінавачанага ў абразе намесьніка начальніка лячэбна-працоўнага прафілякторыя № 8 Яўгена Гуцула.
Нягледзячы на разыходжаньне паміж паказаньнямі сьведкаў, супрацоўнікаў ЛПП, і аўдыёзапісам спрэчкі, судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала Жалнова вінаватым у абразе службовай асобы (паводле артыкулу 23.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях) і пакарала яго штрафам.
Падтрымаць Аляксея на судовым паседжаньні прыйшлі грамадзкія актывісты з Полаччыны, у прыватнасьці сябры партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя” (Грамада) і аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Вялікая заля суду была амаль поўная.
Інцыдэнт, які стаў падставай для судовага разгляду, адбыўся 4 лютага на тэрыторыі ЛПП, дзе Аляксей Жалноў працуе дворнікам, пакуль адбывае пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 15 г. Наваполацку нібыта за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. У той дзень Аляксей зайшоў у аддзел кадраў, каб атрымаць даведку пра заробак. Але на калідоры паміж ім і намесьнікам начальніка ЛПП № 8 Яўгенам Гуцулам адбылася спрэчка.
У судзе Яўген Гуцул сьцьвярджаў, што Аляксей Жалноў абразіў яго, выкарыстоўваючы пры гэтым нецэнзурную лексыку. Гэта пацьвердзілі і тры супрацоўнікі ЛПП, падначаленыя Яўгена Гуцула, якія сталі выпадковымі сьведкамі. Дзьве жанчыны, даючы паказаньні, пасаромеліся назваць нецэнзурнае слова, якім Аляксей нібыта назваў Гуцула. Затое сьведка Валюшкін, работнік гаспадарчай часткі ЛПП, прамовіў слова, сугучнае да “кандом”. Жалноў не прызнаў гэтага абвінавачваньня.
Бацька Аляксея, вядомы блогер з Бабруйску Алег Жалноў, выступаў на судзе ў якасьці абаронцы. Ён хадайнічаў пра далучэньне да матэрыялаў справы аўдыёдакумэнту, запісанага Аляксеем у час спрэчкі з Гуцулам на дыктафон мабільнага тэлефона. Гэты запіс быў праслуханы ў судовым паседжаньні. Пад канец 10-хвіліннага запісу чуваць сварку паміж Аляксеем Жалновым і Яўгенам Гуцулам, аднак у ёй няма ніводнага нецэнзурнага слова. Судзьдзя Балаболава далучыла дыск з аўдыёзапісам да матэрыялаў справы, але не прызнала яго рэчыўным доказам невінаватасьці Жалнова, нічым не матывуючы сваё рашэньне.
Вынік: суд Наваполацку пакараў Аляксея Жалнова, актывіста БСДП, штрафам у памеры 25 базавых велічыняў, што на сёньняшні дзень складае 5 250 000 беларускіх рублёў. Максымальны штраф па артыкуле 23.5 КаАП – 50 базавых велічыняў.
Аляксей Жалноў і яго бацька зьбіраюцца абскардзіць рашэньне суду гораду Наваполацку. На гэта, згодна з законам, яны маюць дзесяць дзён.