Праваабаронцы Віцебску даслалі паштоўкі ў месцы зьняволеньня, у якіх адбываюць пакараньне вязьні сумленьня. «Падтрымліваем і памятаем пра вас!» – гаворыцца ў віншавальных лістах апанэнтам цяперашняга палітычнага рэжыму, зьмешчаным за свае перакананьні за краты.
«Апошнім часам у віцебскіх праваабаронцаў стала традыцыяй віншаваць палітвязьняў зь вялікімі датамі. І цяпер, да Дня Перамогі, мы таксама даслалі паштоўкі палітвязьням, якія знаходзяцца ў турмах і папраўчых калёніях», – распавёў праваабаронца Леанід Сьвецік.
«Варта згадаць, што сёньня распачаўся суд над Мікалаем Статкевічам. Яму пагражае досыць вялікі дадатковы тэрмін за парушэньне рэжыму ўтрыманьня. Нягледзячы на тое, што цяпер ёсьць кантакты рэжыму з Захадам, паляпшаюцца стасункі з заходнімі краінамі, палітвязьні як былі, так і застаюцца ў зьняволеньні. Таму хацелася б падтрымаць іх, пажадаць ім быць мужнымі і вытрымаць усе выпрабаваньні», – дадаў Леанід Сьвецік.
Віцебская вясна