З 10 красавіка актывіст стваранай партыі БХД зь Мёраў Сяргей Васільеў застаўся бяз працы – зь ім не працягнулі кантракт. 14 красавіка ён стаў на ўлік па беспрацоўі, але грашовую дапамогу памерам 360 тысяч рублёў зможа атрымаць толькі 20 траўня.
Раней намесьнік начальніка раённага цэнтру занятасьці Ігар Швец абяцаў, што спадара Васільева не пакінуць бяз працы. Больш таго – што падбяруць яму працу па спэцыяльнасьці. Але абяцаньні аказаліся марныя, кажа цяпер ужо беспрацоўны актывіст, наведаўшы сацыяльную ўстанову:
«У цэнтры занятасьці літаральна выкінулі мяне на вуліцу! Паставілі на ўлік, узялі два мае дыплёмы аб вышэйшай адукацыі і нават нічога не паабяцалі. Прызначылі грашовую дапамогу памерам дзьве базавыя, а першая выдача – ажно 20 траўня. Як хочаш камунальныя плаці, лекі купляй, я ўжо не кажу пра тое, што трэба есьці і апранацца. Яшчэ добра, што ў мяне сям’і няма! Во ў якой сацыяльна-арыентаванай дзяржаве мы жывём – не працаўладкавалі, ды яшчэ й літаральна голадам мораць! Я ж да таго часу магу і ласты склеіць!»
Сяргей Васільеў мае пэдагагічную і культуралягічную адукацыю. Да 2010 году працаваў у школе, але мусіў звольніцца, каб даглядаць старую маці. Потым былі выбары, пасьля якіх спадар Васільеў атрымаў 15 сутак за ўдзел у Плошчы. А калі вярнуўся дахаты, уладкавацца настаўнікам ужо не атрымалася. І ён мусіў пайсьці працаваць грузчыкам, дзе падарваў здароўе. У актывіста хворыя лёгкія і сьпіна, праз гэта яму нельга падымаць больш як 5 кіляграмаў. Што й стала прычынай непрацягненьня кантракту ў мясцовым райпо, дзе ён працаваў памочнікам экспэдытара, а па сутнасьці – ізноў жа грузчыкам.
Нібыта ўсё слушна: ня можаш працаваць у адным месцы, дык шукай працы ў іншым. Але працы для яго, выглядае, няма ва ўсім Мёрскім раёне, разважае Васільеў:
«Хваробы хваробамі, але ж у мяне дзьве спэцыяльнасьці, па якіх праца не вымагае фізычных высілкаў. Дык ня могуць мне прапанаваць працы хоць у вясковай бібліятэцы. Я ж сам на сяло рвуся! Дык кажуць, што ўсё там зачыняецца... А чаму яно зачыняецца, калі па беларускім тэлебачаньні цьвердзяць, што ўсё ў нас квітнее? Ведаеце, у мяне ж кніжка ў выдавецтве пра гісторыю Мёраў, і другая кніжка ўжо гатовая, на дыску запісаная. Дык вось так мне родны горад аддзячыў!»
Радыё Свабода