Праваабаронца хоча атрымаць афіцыйны адказ, ці можна фатаграфавацца ў Віцебску без дазволу ўладаў. Падставай для звароту ў адміністрацыю стаў інцыдэнт зь віцебскімі журналістамі і актывістамі, якіх вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі "на падставе" здымкаў з фотасэсіі.
Віцебскі праваабаронца даслаў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну заяву пра тое, што 12 сьнежня ён зьбіраецца сфатаграфавацца зь сябрамі на фоне гарадзкога краявіду. "Від масавага фатаграфаваньня: пэрформанс – форма сучаснага мастацтва, калі творам зьяўляюцца дзеяньні групы", - піша праваабаронца, маючы на ўвазе, што ўдзельнікі фотаздымак падчас фотасэсіі могуць перамяшчацца, прымаць нейкія позы, мець пры сабе рэчы, каб падчас здымак перадаваць іх іншым удзельнікам, і гэтак далей.
Павал Левінаў падкрэсьлівае, што бярэ асабіста на сябе абавязкі па захаваньні правапарадку падчас фотасэсіі, што не дапусьціць фактаў наяўнасьці ва ўдзельнікаў нейкіх прадметаў або рэчываў, якія могуць быць крыніцай небясьпекі для іншых.
"Я хачу атрымаць афіцыйны адказ ад уладаў, ці трэба прасіць дазволу на масавае фатаграфаваньне, ці не. Зьбіраюся правесьці пэрформанс з фотасэсіяй на вуліцы Ільлінскага – у тым месцы, дзе ў пачатку месяцу сфатаграфаваліся віцебскія журналісты і актывісты, на якіх потым за гэта склалі пратаколы як на ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі", - кажа Павал Левінаў. – Калі мне адкажуць, што дазвол на фатаграфаваньне не патрэбен, то тады незразумела, чаму супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС вінавацяць удзельнікаў фотасэсіі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. А калі напішуць, што дазвол патрэбен, ці мне не дазваляюць ладзіць фотасэсію зь якой-небудзь прычыны – гэта будзе сапраўдны скандал. Бо ў такім выпадку атрымаецца, што сфатаграфавацца на вуліцы – гэта правапарушэньне, і ўсе аматары здымацца на фоне гарадзкіх краявідаў – правапарушальнікі".
Зварот праваабаронцы ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну зьвязаны з тым, што супраць удзельнікаў фотасэсіі на вуліцы Ільлінскага, каля былога будынку раённага дому культуры, цяпер заводзяць адміністрацыйныя справы і прызначаюць суды. Ідэя фотасэсіі палягала ў тым, каб працягнуць тэму, узьнятую невядомым мастаком-графітыстам: на сьцяне будынку намалявана, як зробленая з газэты птушка вылятае з клеткі... Удзельнікі фотасэсіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газэты птушак-арыгамі. Паводле высновы начальніка аддзелу аховы прафіляктыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Рыбакова, які складаў пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэньне, гэта быў пікет, а прысутныя "выказвалі свае грамадзкія і палітычныя перакананьні".
З такой трактоўкай падзеяў ня згодзен ніводзін зь пяці чалавек, якія ўжо атрымалі позвы ў суд на 28 лістапада (журналісты Алена Сьцяпанава і Зьміцер Казакевіч, грамадзкая актывістка Алена Шабуня) і 1 сьнежня (грамадзкая актывістка Тацьцяна Севярынец, журналіст Кастусь Мардзьвінцаў).
spring96.org