Актывіст Ігар Пастноў зьвярнуўся да кіраўніка Кастрычніцкага раёну Віцебску з просьбай дазволіць правесьці ўрачыста «мерапрыемства-пікет» у гонар 60-годзьдзя з дня нараджэньня кіраўніка Беларусі. У акцыі мяркуецца ўдзел толькі яго аднаго. Ніякіх салютаў і нават піратэхнікі ня будзе. Аднак на плякаце, зь якім плянуецца ўрачыстасьць, будуць напісаныя словы падзякі за «шчасьлівае» жыцьцё беларускага народу.
Адразу 3 заяўкі на правядзеньне пікетаў падалі сябры Аршанскай гарадзкой арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Мэта мерапрыемстваў - актуалізацыя ў грамадзтве каштоўнасьці незалежнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы, выказваньне салідарнасьці з украінскім народам у яго імкненьні захаваць цэласнасьць і незалежнасьць Украіны.
Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар па Віцебскай вобласьці ПАГА «Рух "За свабоду"», Аляксей Гаўруцікаў - давераная асоба колішняга кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, а цяпер палітвязьня Статкевіча Мікалая Віктаравіча, Ян Дзяржаўцаў, сябра КХП БНФ, і Кастусь Смолікаў, намесьнік Віцебскай абласной рады партыі БНФ падалі заяву ў Віцебскі гарвыканкам аб правядзеньні вулічнага шэсьця і мітынгу. Імпрэзы заплянаваныя на 27 ліпеня.
У Віцебску пададзеная заяўка на правядзеньне пікету ў падтрымку будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёнах Білева. Заяўленая мэта пікету – прыцягненьне ўвагі да праблемы мікрараёнаў Білева, у тым ліку адсутнасьці паліклінікі, паведаміла каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Тацьцяна Севярынец. Яна таксама распавяла, што на цяперашні момант у падтрымку будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў межах распачатай у траўні кампаніі "За якасную мэдыцыну для ўсіх" ужо сабрана 4090 подпісаў.
Алесь Бяляцкі выйшаў на свабоду. Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» патэлефанаваў жонцы Натальлі Пінчук і паведаміў, што ён вызвалены і едзе ў Менск на электрычцы з Бабруйску. Да канца яго тэрміну заставалася яшчэ больш за паўтара году, але Бяляцкага нечакана выпусьцілі па амністыі.
Упраўленьнем Вярхоўнага камісара ААН па правох чалавека зарэгістраваны зварот у КПЧ жыхара вёскі Буяны Віцебскага раёну Леаніда Здрэстава. Актывіст вымушаны быў зьвярнуцца ў міжнародны орган па абарону пасьля таго, як улады адмовілі яму ў дазволе на правядзеньне пікету, а ўсе судовыя інстанцыі, у якіх ён спрабаваў быў абскардзіць гэтую адмову, – ад Кастрычніцкага райсуду Віцебску да Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь – сталі на бок уладаў.
Чатыры дзясяткі жыхароў Глыбокага падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў, дзе выкладзеная просьба аб ініцыяваньні звароту ў Канстытуцыйны суд з мэтай ацэнкі рашэньня Глыбоцкага райвыканкаму №167 "Аб вызначэньні месцаў для правядзеньня мітынгаў і пікетаваньняў" на адпаведнасьць Асноўнаму закону.
Імя старшыні Віцебскага грамадзкага аб'яднаньня «Рускі дом» Андрэя Герашчанкі вядомае далёка за межамі Віцебску. За выказваньні ў падтрымку як мага больш цеснай інтэграцыі Беларусі з Расеяй і адданасьць пісьменьніка і грамадзкага дзеяча расейскай культуры адны лічаць яго ледзь ня здраднікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі, для іншых ён – бясспрэчны аўтарытэт. Андрэй Яўгенавіч ласкава пагадзіўся адказаць на пытаньні «Дыялёгу», каб прадставіць чытачам сваю пазыцыю наконт грамадзка значных аспэктаў жыцьця.
На пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся 25 траўня ва Ўкраіне, прыехалі больш за 3 тысячы міжнародных назіральнікаў. Сярод іх былі і беларусы. За тым, як ажыцьцяўляецца волевыяўленьне ўкраінскага народу, назіралі некалькі дзесяткаў актывістаў зь Беларусі. Адным зь іх быў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які распавёў «Дыялёгу» пра свае ўражаньні ад знаходжаньня ва Ўкраіне.
За тры тыдні да ўступленьня ў сілу новых правілаў гандлю індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) Віцебску выступілі са зваротам да прэзыдэнта і ўраду. 5 чэрвеня ІП, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Віцебску, прыпынілі на дзень працу ў знак пратэсту супраць новаўвядзеньняў. Па выніках акцыі быў прыняты зварот да Аляксандра Лукашэнкі і Савету міністраў, які адпраўлены адрасатам 8 чэрвеня.